Віталь Рымашэўскі пракаментаваў сітуацыю з выдаленнем інфармацыі пра Віктара Пракапеню (відэа)

29 снежня 2017 17:41  |  Галоўныя навіны

Віталь Рымашэўскі пракаментаваў сітуацыю з выдаленнем інфармацыі пра Віктара Пракапеню (відэа)

 

Сустаршыня Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Віталь Рымашэўскі пракаментаваў сітуацыю з прэзідэнцкім дэкрэтам аб ІТ-сферы і звязаным з гэтым выдаленнем са СМІ інфармацыі пра тое, што адзін з яго аўтараў і прамоўтараў Віктар Пракапеня некалькі месяцаў правёў у СІЗА КДБ.

Паводле яго, з моманту арышту Віктара Пракапені ў Беларусі нічога не змянілася: не з’явіліся ні незалежныя суды, ні незалежная пракуратура, сілавыя органы не перасталі затрымліваць і пераследваць бізнэсменаў. “Змянілася толькі адно: Віктар Пракапеня мае цяпер добрыя стасункі з беларускімі ўладамі, а Аляксандр Лукашэнка асабіста падпісаў дэкрэт аб льготных умовах вядзення бізнэсу для ІТ у Беларусі. На гэтым усё”, – адзначыў ён.

Сустаршыня БХД нагадаў, што Аляксандр Лукашэнка ў любы момант можа адмяніць свой жа дэкрэт альбо выдаць новы. “А гэты значыць, што, напрыклад, вы сёння ўкладваеце грошы, пачынаеце будаваць бізнэс, а заўтра раптам выдаецца іншы дэкрэт, які перакрэслівае ўсе ўмовы і абавязацельствы з мінулага дэкрэту. Такія выпадкі ў Беларусі ўжо былі”, – падкрэсліў Віталь Рымашэўскі.

У сувязі з гэтым ён прапанаваў Віктару Пракапеню адказаць на тры пытанні: ці прапаноўвалі ў СІЗА яму супрацу з КДБ; ці належыць яму дагэтуль яго бізнэс і ці не кантралюецца ён цяпер дзяржавай; і ці гарантуе ён, што інвестары, якіх ён прыцягне ў краіну, заўтра не апынуцца за кратамі. “Я таксама хачу, каб у Беларусь прыходзілі інвестыцыі і ствараліся новыя працоўныя месцы. Але толькі калі гэтыя інвестары апынуцца падманутымі ў чарговы раз, ніхто больш у гэтую краіну не ўкладзе ні цэнту. А гэта будучыня нашых з вамі дзяцей”, – заявіў сустаршыня БХД.

На яго думку, каб бізнэс сапраўды адчуваў сябе камфортна і абаронена, як і беларускія грамадзяне, патрэбнае рэальнае змяненне законаў, незалежныя суды і пракуратура, абмежаванне дзеянняў сілавых структур. “Дэкрэт, на жаль, проста застаецца дэкрэтам. Паглядзім, як скончыцца гэты праект, колькі прыйдзе інвестыцый, колькі бізнэсменаў апынуцца за кратамі”, – дадаў ён, нагадаўшы, што для простых беларусаў не створаныя законы для льготнага вядзення бізнэсу.

“Стратэгія беларускіх уладаў відавочная. Вялікі палітычны праект просты: ніякай дэмакратыі ў краіне не будзе, але для асобных людзей будуць стварацца ўмовы для прыцягнення інвестыцый. Усё пакідаем, як раней, рэпрэсуем людзей, якія нам няўгодныя, простыя грамадзяне застаюцца бяспраўнымі, але пры гэтым робім выгляд больш адкрытай і свабоднай краіны прынамсі для бізнэсу”, – мяркуе Віталь Рымашэўскі.

 

З гісторыі з выдаленнем СМІ інфармацыі пра арышт Віктара Пракапеня ён зрабіў тры высновы: нават адзін блогер можа змяніць сітуацыю; інфармацыю СМІ трэба пераправяраць; з новымі тэхналогіямі кожны сёння можа стаць СМІ і паказваць праўду пра падзеі ў краіне.

Болей навін