Павел Севярынец: хто біў дзяцей 25 сакавіка? Міліцыя!

04 студзеня 2018 09:26  |  Галоўныя навіны

Павел Севярынец: хто біў дзяцей 25 сакавіка? Міліцыя!

 

Сустаршыня БХД Павел Севярынец пракаментаваў выказванні прадстаўніка МУС Алега Каразея адносна ўвядзення ў заканадаўства паняцця “эканамічнага гвалту”, забароны біць дзяцей і шкоды “патрыярхальных устояў”.

– Ведамства Шуневіча раптам загаварыла пра “шкоду патрыярхату”, “забарону біць дзяцей” і “гендарныя канцэпцыі”, – сказаў у інтэрвію прэс-службе БХД Павел Севярынец. –  І гэта гавораць верныя слугі “бацькі Лукашэнкі”? Тыя самыя, якія па-зверску, масава збівалі і дзяцей, і старых, і жанчынаў на 25 сакавіка, года не прайшло?..

 

Хто біў дзяцей на Дзень Волі? Міліцыя! Бацькі са шматдзетных і прыёмных сем’яў растлумачылі мне, як рэжым працуе з гэтай тэмай зараз. Пад вялікі еўрапейскі грант (так-так!) распрацоўваецца канцэпцыя, якая дазваляе выбарачна кантраляваць і караць “непакорлівых” бацькоў. Атрымліваюцца вялікія “гендарныя” грошы (еўрапейцы якраз зараз даюць). Уносяцца змены ў заканадаўства. І вось вам – і “прагрэс” для Захаду, і паляпшэнне іміджу МУС, і новы знішчальны механізм для рэпрэсіяў (унутры сям’і – як эфектыўна, га?!), ды яшчэ і заробкі для АМАПу. Сапраўды страшная сітуацыя – калі за дзяцей і бацькоў бяруцца таварышы ў энкавэдэшных мундзірах, – зазначыў сустаршыня БХД.

Болей навін