Святлана Няверка: у Беларусі неабходна правядзенне судова-прававых рэформаў

09 студзеня 2018 19:31  |  Палітыка

Святлана Няверка: у Беларусі неабходна правядзенне судова-прававых рэформаў

 

Прамоўца Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Святлана Няверка, якая вылучаецца ў Менгарсавет па Мендзялееўскай выбарчай акрузе № 55 і 8 студзеня перадала дакументы на рэгістрацыю сябе ў якасці кандыдата ў дэпутаты, распавяла, чаму важная судовая рэформа судовай сістэмы ў Беларусі, за якую яна выступае падчас сваёй кампаніі.

“Права на справядлівае судовае разбіральніцтва з’яўляецца агульнапрызнанай міжнародна-прававой нормай, непасрэдна адносіцца да правоў чалавека. Права прыняць суд незалежным, бесстароннім і кампетэнтным судом з’яўляецца абсалютным правам, які не дапускае ніякіх выключэнняў.

Незалежнасць і бесстароннасць суда – гэта два з самых фундаментальных складнікаў справядлівага суда. У адпаведнасці з абавязковымі для выканання палажэннямі міжнароднага права і абавязацельствамі АБСЕ, усе абвінавачаныя маюць права на разгляд іх справы створаным на падставе закона кампетэнтным, незалежным і непрадузятым судом. Дзяржава павінна прымаць канкрэтныя меры, якія гарантуюць незалежнасць судовай сістэмы. Суды павінны быць незалежнымі ад выканаўчай і заканадаўчай улады, а таксама ад бакоў у судовым працэсе. Суды павінны быць свабоднымі ад любой формы ўздзеяння або ціску з боку іншых галін дзяржаўнай улады або каго-небудзь іншага.

Аднак, нягледзячы на гарантыі незалежнасці суддзяў, выканаўчая ўлада ў асобе адміністрацыі прэзідэнта і Міністэрства юстыцыі мае значныя рычагі кантролю над рознымі сферамі судовай улады. Гэта ўнутраная прававое рэгуляванне парадку прызначэння, тэрміну паўнамоцтваў, прасоўвання па службе і вызваленне ад пасады суддзяў, выплаты ім заробку.

На практыцы суддзі не толькі абыякава альбо з неразуменнем ставяцца да значэння прынцыпу незалежнасці і сваёй ролі ў яго ажыццяўленні, але і дэманструюць сваю залежнасць ад пазіцыі органаў выканаўчай сістэмы ўлады.

Суды падчас судовага следства дэманструюць абвінаваўчы ўхіл, аддаючы відавочную перавагу доказам абвінавачвання.

Яшчэ адна тэндэнцыя, якую можна разглядаць у якасці патэнцыйнага паказчыка прадузятасці суддзяў на карысць боку абвінавачання, выяўляецца пры вынясенні прысудаў. Аналіз прысудаў паказвае, што ў шматлікіх справах суддзя выносіць абвінавачанаму такі прысуд, якога патрабавала абвінавачанне. У прысудах суды дэманструюць нераўназначнае стаўленне да доказаў, падрабязна выкладаючы доказы вінаватасці і часта пакідаючы па-за ўвагай доказы абароны.

Падводзячы вынікі, неабходна канстатаваць наступнае:

У краіне, дзе суддзі цалкам залежаць ад выканаўчай улады; дзе абвінаваўчы ўхіл у судах становіцца правілам; дзе абвінавачаныя заяўляюць пра ўжыванне да іх катаванняў і жорсткага абыходжання; дзе заявы застаюцца без увагі з боку суддзі, а доказы з боку абвінавачання прымаюцца без уліку спосабу, якім яны былі атрыманы; дзе паўсюдна парушаюцца правы абвінавачаных на абарону і атрыманне юрыдычнай дапамогі – разлічваць на справядлівае судовае разбіральніцтва асабліва не прыходзіцца.

Вынік, Беларусь з’яўляецца адной з першых краін Еўропы па колькасці зняволеных на душу насельніцтва.

Мы лічым сваім абавязкам дапамагчы тым, хто апынуўся «за калючым дротам» без дастатковых да таго падстаў. Мы будзем змагацца за перагляду сумніўных з пункту гледжання законнасці прысудаў.

У краіне неабходна правядзенне судова-прававых рэформаў, у выніку якіх суды зменяцца, абновіцца кадравы склад судоў, з’явіцца суд з удзелам прысяжных засядацеляў.

Нашы суды стануць рэальна незалежнымі, аб’ектыўнымі, кампетэнтнымі.

 

Жыве Беларусь!”

Болей навін