Яўген Дудкін: Буду рабіць кампанію ад дзвярэй да дзвярэй

20 студзеня 2018 12:46  |  Палітыка

Яўген Дудкін: Буду рабіць кампанію ад дзвярэй да дзвярэй

 

Настаўніка, сябра БХД Яўгена Дудкіна зарэгістравалі кандыдатам ў дэпутаты ў Гарадзенскі гарадскі Савет. І ўжо з сённяшняга дня маладзён распачынае сваю кампанію. Кажа ў каментары Радыё Рацыя Яўген Дудкін:

– Прыемна, што зарэгістравалі. Што наша праца прызнана ўладамі. Здзіўлены, што як мінімум 11 выбарчых акругаў безальтэрнатыўныя. Гэта дае падставы для разважання, чаму людзі не вылучаюць свае кандыдатуры, акрамя чыноўнікаў. І, канешне, зараз самае галоўнае – гэта праца з нашымі выбаршчыкамі. З сённяшняга дня я ўжо пачынаю працу  ад дзвярэй да дзвярэй.

Яўген Дудкін вылучаецца ў кандыдаты па адным з самых праблемных раёнаў Гародні Альшанцы, дзе ён ужо некалькі апошніх месяцаў робіць працу па сацыяльных пытаннях жыхароў.

Адзначае ў каментары прэс-службе БХД актывіст Сяргей Верамеенка:
– Нягледзячы на тое, што большасць акругаў ў Гародні безальтэрнатыўныя, супраць Яўгена Дудкіна ўлады выставілі ажно два канкурэнта. Жыхары Альшанкі кандыдата ад БХД ведаюць добра. Ён і грошы знайшоў – тыя, што належаць грамадзянам, бо з’яўляюцца іх падаткамі, і павінны быць у бюджэце. І фактычна прымусіў гарадское начальства накіраваць гэтыя грошы не на салюты-парады, а на будаўніцтва школы ў мікрараёне. Аказваецца, ёсць грошы – тыя, якіх “няма”, ці не было. Мо й яшчэ адну школу пабудуюць. І Яўгену праца, як настаўніку знойдзецца. А не было дагэтуль. Бо не патрэбны нам настаўнік, бо няма вольнага месца, бо школы няма, бо грошай няма.

Жыхары Альшанкі добра ведаюць Яўгена. А вось свайго дзеючага дэпутата – не. Таксама, як і тых праўладных вылучэнцаў. Адзін з іх, дарэчы, кіраўнік гарадзенскага Упраўлення капітальнага будаўніцтва Анатоль Урублеўскі – той, хто ідучы ў дэпутаты і павінен быў бы клапаціцца пра пабудову школы, бо гэта будзе рабіць менавіта яго арганізацыя – УКБ.

 

Не складана здагадацца, на чыім баку будуць сімпатыі выбарцаў. І вось тут перад намі самы галоўны бар’ер – галасы на “выбарах” не лічаць. Але гэта не азначае, што трэба апускаць рукі. Незалежнае назіранне нашых актывістаў кампаніі “Права Выбару” дапаможа не толькі вывесці на чыстую ваду падначаленых бабы Ліды, але й расказаць выбарцам пра рэцэпт іхняга “баршчу”.

Болей навін