Алена Янушкоўская: Мы з вамі адказваем за ўсё, што нас акружае

22 студзеня 2018 18:12  |  Палітыка

Алена Янушкоўская: Мы з вамі адказваем за ўсё, што нас акружае

 

22 студзеня адбыўся выступ на радыё прамоўцы Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Алены Янушкоўскай. Публікуем яго цалкам:

“Паважаныя выбаршчыкі, добры дзень!

Я, Алена Янушкоўская, кандыдат у дэпутаты Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў па Ноўкінскай выбарчай акрузе №6 і Віцебскага раённага Савета па Заронаўскай акрузе №9. Прытрымліваюся хрысціянскіх прынцыпаў, дзе чалавек, клопат пра яго, любоў да яго – галоўнае. Менавіта чалавек з усімі яго надзеямі і болямі павінен быць у цэнтры ўвагі любой улады, улада павінна служыць яму. Менавіта так: не чалавек для ўлады, а ўлада для чалавека!

Сама я, Алена Янушковская, неаднаразова звярталася да ўладаў рознага ўзроўню па праблемах, якія не даюць магчымасці больш-менш прыстойна жыць вёсцы Суйкава, дзе гадамі не праводзіцца даўно абяцаны уладай вадаправод, дзе непраходныя дарогі, дзе падтапляюць з-за засмечаных дрэнажаў падворкі. Дзе я жыву ўжо больш за 10 гадоў. І ведаю сельскае жыццё, яго хараства і нягоды не па чутках.

Выехала я са зборам подпісаў у Заронава. Нядаўна квітнеючы калгас спустошаны, людзі гадамі п’юць іржавую ваду, некалі чыстае і рыбнае Заронаўскае возера ператвараецца ў смярдзючае балота, бо ні мясцовае, ні раённае, ні абласное начальства гэта не хвалюе, а Заронаўская каналізацыя дзень за днём цячэ ў возера.

Вось і вырашыла я, што сэнсу ад такіх мясцовых дэпутатаў, старшынь Саветаў мала. Яны ідуць ва ўладу не таму, што хочуць служыць нам з вамі, а шукаюць у гэтых месцах прывілеяў, тую самую ўладу, бо не займаюць свае месцы ў сумленнай і справядлівай выбарчай барацьбе, а прызначаюцца зверху як лаяльныя да начальства і паслухмяныя ва ўсім.

Я, Алена Янушкоўская, чалавек незалежны, я апанент існуючай улады. Я ёй кажу прама пра недахопы і патрабую выканання іх жа рашэнняў і абяцанняў.

І ўжо аднавілася будаўніцтва вадаправоду па вуліцы Партызанскай ў Суйкаве, вызначаныя тэрміны рамонту дарог тут жа, з дрэнажнымі канавамі пытанне яшчэ не вырашана. Мы з камандай завастрылі ўвагу грамадскасці на стане пітной вады ў Заронаве, адпраўлена электроннае паведамленне са скаргай на экалогію Заронаўскага возера ў Міністэрства прыродных рэсурсаў, падрыхтаваны калектыўны зварот да мясцовай інспекцыі прыроды, у камітэт па абароне прыроды і ў той жа Міністэрства.

Мы з вамі адказваем за ўсё, што нас акружае, што пакінем сваім дзецям у спадчыну. Я не маю на ўвазе дом, дачу, машыну. Я маю на ўвазе возера, ваду, лес – нашу Радзіму, Беларусь. Наша абыякавасць, безыніцыятыўнасць можа пазбавіць нашых дзяцей і ўнукаў гэтай галоўнай спадчыны.

 

Далучайцеся да маёй, Алены Янушкоўскай, каманды. Разам мы зможам нашмат больш, разам мы зможа адстаяць сваё права выбару, сваю волю, сваю Радзіму. Жыве Беларусь!”

Болей навін