Віталь Рымашэўскі сустрэўся з еўракамісарам Ёханэсам Ханам

30 студзеня 2018 16:45  |  Галоўныя навіны

Віталь Рымашэўскі сустрэўся з еўракамісарам Ёханэсам Ханам

 

Сустаршыня Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Віталь Рымашэўскі разам з прадстаўнікамі беларускай апазіцыі 30 студзеня сустрэўся з еўракамісарам па еўрапейскай палітыцы суседства і перамовах па пашырэнні ЕС Ёханэсам Ханам, які таксама з’яўляецца віцэ-прэзідэнтам Еўрапейскай народнай партыі. 

Еўракамісару быў перададзены зварот з просьбай выступіць у падтрымку Хартыі’97 і незалежных СМІ Беларусі. Таксама беларускія палітыкі распавялі яму пра палітычную сітуацыю ў краіне.

“Маё пасланне было наступным: правы чалавека ў Беларусі сёння парушаюцца больш, чым у папярэднія чатыры гады. Гэта звязана і з выбарамі, калі кандыдатаў ціснуць з КДБ, калі адмаўляюць у рэгістрацыі. Так беларуская ўлада рэагуе на дыялог, і нешта ў гэтым трэба мяняць”, – адзначыў сустаршыня БХД.

На сустрэчы была абмеркаваная стратэгія ў дачыненні да Беларусі. “Еўракамісар выказаў такую прапанову, якую я падтрымліваю: патрэбны комплексны дыялог, які ўключае і правы чалавека, і эканамічнае супрацоўніцтва. З майго быў пасыл пра тое, што дыялог з ЕС мусіць быць больш адкрытым да беларускага грамадства і больш уцягваць апазіцыю і грамадзянскую супольнасць, бо кулуарныя перамовы не працуюць”, – падкрэсліў Віталь Рымашэўскі, дадаўшы, што “паколькі спадар Хан з’яўляецца віцэ-прэзідэнтам ЕНП, у нас ёсць магчымасць камунікаваць з ім на розных пляцоўках”.

“На сустрэчы прагучала, што офіс Хана будзе захоўваць цікаўнасць да Беларусі. Таксама еўракамісар распавёў, што пытанні правоў чалавека і свабоды СМІ абмяркоўваліся і на сустрэчах з Лукашэнкам, прэм’ер-міністрам і міністрам замежных спраў. У мяне склалася ўражанне, што ў іх ёсць разуменне ўсяго комплексу сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі. І калі стасункі паміж Еўразвязам і Беларуссю не дасягаюць належнага ўзроўню, на гэтым цалкам адказнасць беларускіх уладаў, бо ЕС застаецца адкрытым да Беларусі. Калі за тыдзень да прыезду Ёханэса Хана і падчас візіту другога віцэ-старшыні ЕНП закрываюць ужо другое СМІ – гэта хамскі жэст з боку беларускіх уладаў. Так яны адказваюць на адкрытасць Еўрапейскага звязу”, – заявіў сустаршыня БХД.

 

Фота Дзірка Шубеля

Болей навін