Максім Гацак: не даць чыноўнікам разбазарваць нашы з вамі падаткі

30 студзеня 2018 18:06  |  Палітыка

Максім Гацак: не даць чыноўнікам разбазарваць нашы з вамі падаткі

 

Прэс-сакратар Беларускай хрысціянскай дэмакратыі, прамоўца па Чыгуначнай выбарчай акрузе ў Менгарсавет Максім Гацак 30 студзеня выступіў з радыёзваротам да выбарчышкаў. У радыёзвароце ён звярнуў увагу на тое, што менавіта дэпутаты Мінгарсавету зацвярджаюць гарадскі бюджэт, і “менавіта яны адказныя за тое, куды ідуць нашы з вамі падаткі. Няма дзяржаўных грошаў – ёсць грошы народныя”.

“З экранаў тэлевізараў нам кажуць, што мы жывем “цярпіма”, прыдумляюць усё новыя падаткі, павышаюць пенсійны ўзрост і кошты на ЖКГ, а абяцаныя “папіццот” з’ядаюцца інфляцыяй. Пры гэтым невядома адкуль у нас знаходзяцца грошы на правядзенне ў наступным годзе Еўрапейскіх гульняў. Багатыя Нідэрланды адмовіліся ад іх, а ў беднай Беларусі якраз знайшліся “лішнія” 35-40 млн еўра. Частку з іх вылучылі з гарадскога бюджэту і дэпутаты Мінгарсавету”, – адзначыў кандыдат.

“Выдзяляюць дэпутаты і грошы на спецпаліклініку для сябе любімых, на нікому не патрэбныя БРСМ, “Белую Русь”, нікому нецікавыя дзяржаўныя газеты, тэлебачанне – на тых, хто пасля за нашыя з вамі грошы вучыць нас жа з вамі жыць. Ці сапраўды ў нас ёсць на ўсё гэта лішнія грошы? Няўжо ў нас вырашаныя ўсе іншыя праблемы, каб раздаваць грошы “дармаедам” ад улады?” – задаўся пытаннем Максім Гацак.

 

“Я заклікаю вас стаць назіральнікамі і абараніць вашыя галасы, не дапусціць фальсіфікацый. Я заклікаю вас далучацца да беларускіх хрысціянскіх дэмакратаў і іншых апазіцыйных партый і арганізацый, каб разам зрабіць наш горад, нашу краіну лепшай, каб не даць чыноўнікам разбазарваць нашы з вамі падаткі. Жыве Беларусь!” – завяршыў выступ прэс-сакратар БХД.

Болей навін