Вяскоўцы запрасілі Лукашэнку ў госці: «Глядзіце ў вочы, калі адважыцеся» (відэа)

31 студзеня 2018 10:40  |  Палітыка

Вяскоўцы запрасілі Лукашэнку ў госці: «Глядзіце ў вочы, калі адважыцеся» (відэа)

 

Праблемы простага чалавека ў мястэчках, што не развязваюцца гадамі. Пра гэта ў звароце да кіраўніка краіны распавяла кандыдатка ў Віцебскі абласны і раённы савет дэпутатаў ад БХД Алена Янушкоўская. Пазнаёміцца ж з тым, як жыве сапраўдная Беларусь, у адную з вёсак на Віцебшчыне яна запрасіла Аляксандра Лукашэнку асабіста.

«Аляксандр Рыгоравіч, запрашаю вас, прыязджайце да нас у Заронаўскі сельсавет. Я вам пакажу сапраўдную Беларусь, там, дзе людзі жывуць, а не тую Беларусь, што вы паказваеце па тэлебачанні. Не тую Беларусь, дзе перад вашым прыездам мыюць дах і фарбуюць траву. Я пакажу вам, як людзі выжываюць», – заявіла Алена.

Пра сітуацыю ў сваёй акрузе кандыдатка ў Віцебскі раённы і абласны саветы дэпутатаў Алена Янушкоўская ведае не з чутак. Падчас перадвыбарчай кампаніі пра жыццё ў вёсцы яна распытала дзясяткі чалавек.

Поўны развал

У Вёсцы Суйкава на Віцебшчыне, куды кандыдатка ў дэпутаты запрасіла Аляксандра Лукашэнку, няма асфальтаваных дарогаў, а падворкі ўвесь час затапляе.

Марыя Навагродская – інвалід, і самастойна зрабіць працы не можа. Гэтаксама, як і схадзіць за вадою. Водаправоду ў вёсцы няма, а найбліжэйшы калодзеж – за 300 метраў ад дому.

«Скот ёсць, ёсць дзеці, якім трэба праць, у дзень выходзіць вады – літраў 120. Так даставіць яе дадому. У чым заключаецца свабодны час пасля працы – у тым, што тупа цягаеш ваду ў дом», – скардзіцца тутэйшы вясковец Міхаіл Макараў.

А што ўлада?

У мясцовым сельсавеце аб праблеме з водазабеспячэннем адказваюць так: «будуць грошы, будзе і вада». А вось, калі ж нарэшце грошы з’явяцца, пытанне рытарычнае.

Калі раней людзі прыязджалі ў Суйкава працаваць у цяпліцах, то цяпер вёска пусцее. Моладзь зʼязджае праз адсутнасць працы. Не засталося тут нават калгасу.

«Ферму за два гады расцягалі па цаглінках, а, калі Лукашэнка аблятаў, перад гэтым прыйшоў бульдозер і ўсё зраўняў з зямлёю», – узгадвае жыхарка вёскі Таццяна Макарава.

Сяло гніе

Побытавыя праблемы турбуюць і жыхароў найбліжэйшага аграгарадку Заронава, які Алена Янушкоўская наведала летась у снежні. Тут скардзяцца на іржавую ваду і цвіль у шматкватэрных дамах.

«Ва што ператварылі нашую мясцовасць? Вакол – разруха, вакол – галеча, прыязджайце, паглядзіце людзям у вочы, калі адважыцеся», – заклікае кандыдатка ў дэпутаты.

Аднак Аляксандр Лукашэнка ў далёкія Суйкава і Заронава наўрад ці паедзе. А таму пакуль пра асфальтавыя дарогі ці водаправод тут нават не мараць.

 

Юлія Лабанава, «Белсат»

 

Болей навін