БХД рыхтуецца правесці паўторны ўстаноўчы з’езд на Кастрычніцкай плошчы
Адмовы наконт правядзення Устаноўчага з’езду партыі “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя” прыйшлі кіраўніцтву БХД амаль са ўсіх памяшканняў сталіцы, куды звярталіся хадэкі. Апошняе з 11 памяшканняў, куды звярнулася БХД, – Малая заля Палацу Рэспублікі – зацята маўчыць.
Нагадаем, запыты былі накіраваныя ў палацы культуры МТЗ, МАЗ, “Сукно” і іншыя арганізацыі. Пасля першага з’езду ў лютым 2009 году Міністэрства юстыцыі адмовіла партыі ў рэгістрацыі.
Лідэр БХД Павал Севярынец пракаментаваў сітуацыю наступным чынам:
– Калі ўлады не прадаставяць памяшканне для з’езду БХД 31 кастрычніка, то з’езд будзе праведзены насупраць Адміністрацыі прэзідэнта – на Кастрычніцкай плошчы. Мы запросім дэлегатаў, гасцей, усіх хрысціянаў, усіх неабыякавых людзей падтрымаць нас пад лозунгам “Дзе Дух Гасподні – там Свабода”.
БХД гатова правесці з’езд на плошчы. Думаю, што перад рашэннем Еўразвязу па санкцыях у дачыненні РБ, якое чакаецца 16 лістапада, з’езд на плошчы будзе добрай ілюстрацыяй так званай “лібералізацыі”.
Замежных гасцей і амбасадараў мы на плошчу таксама запросім.
Чакаецца, што на з’езд прыбудуць каля 300 дэлегатаў і да 400 гасцей. Але калі з’езд будзе праходзіць на Кастрычніцкай плошчы, то ўсе абмежаванні па колькасці знікаюць – і мерапрыемства збярэ нашмат больш людзей.