Вікторыя Шэвялевіч: пры прызначэнцах ад улады будзем чакаць вырашэння праблем не адзін год
Прамоўца Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Вікторыя Шэвялевіч, якая балатуецца ў Магілёўскі абласны савет па 29-й Казіміраўскай выбарчай акрузе, у сваім радыёзвароце распавяла, што ўдзельнічае ў выбарах, каб вярнуць кантроль народу над вырашэннем мясцовых праблем.
“Не бюракраты, а грамадзяне павінны вызначаць прыярытэты мясцовых бюджэтаў. Бюджэтныя грошы павінны выдаткоўвацца на патрэбы людзей – новыя паліклінікі і сучасныя школы, добрыя дарогі і добраўпарадкаваныя двары”, – адзначыла яна.
Актывістка заявіла, што ў рамках кампаніі БХД “Народны дэпутат” яна ініцыявала кампанію па будаўніцтве комплекснай паліклінікі для жыхароў магілёўскага мікрараёну Казіміраўка і сваім балатаваннем у дэпутаты аблсавету бярэ на сябе адказнасць за вырашэнне гэтай праблемы.
“У 21 стагоддзі кожны беларус мае права на якаснае медыцынскае абслугоўванне”, – падкрэсліла Вікторыя Шэвялевіч, дадаўшы, што жыхары Казіміраўкі, каб патрапіць на прыём да лекара, павінны ехаць у цэнтр горада.
Звярнула яна ўвагу і на кепскі стан ды перагружанасць мясцовай школы № 19, жудасны стан двароў і пад’ездаў, адсутнасць вулічнага асвятлення і дзіцячых пляцовак, неабсталяванасць прыпынкаў. “Рашэнне гэтых праблем магчыма, калі ў саветах будуць дэпутаты з народу, а не прызначэнцы ад улады. Трэба кантраляваць, на што ідуць нашы падаткі. Калі на гэтых выбарах перамогуць прызначаныя ўладай людзі, мы будзем чакаць вырашэння нашых праблем яшчэ не адзін год”, – заявіла прамоўца БХД, заклікаўшы выбарцаў абараніць свае галасы.