Каб у Альшанцы жылося камфортна. Кандыдат у дэпутаты Яўген Дудкін прадставіў сваю праграму

05 лютага 2018 12:20  |  Палітыка

Каб у Альшанцы жылося камфортна. Кандыдат у дэпутаты Яўген Дудкін прадставіў сваю праграму

 

Праграма актывіста Беларускай Хрысціянскай Дэмакрытыі будуецца на 10 пунктах, якія ён пазначыў яшчэ летам 2017 года ў пачатку сваёй грамадскай дзейнасці. Менавіта тады жыхары Альшанкі параілі яму паўдзельнічаць у мясцовай выбарчай кампаніі.

Сустрэча з выбаршчыкамі прайшла 29 студзеня ў школе № 39 на Альшанцы. Менавіта на Альшанскай акрузе № 13 вылучаецца ў дэпутаты Яўген. Падтрымаць яго прыехала дэпутатка парламенту Ганна Канапацкая.

Праграма Дудкіна прагуледжвае выкананне ўсіх пунктаў, пра якія ішла гаворка летам.

— Па-першае, гэта збудаваць другую школу ў 2019 годзе. Па-другое, знайсці сродкі на будаўніцтва паліклінікі ў мікрараёне. Па-трэцяе, стварыць парк у будучым цэнтры Альшанкі – мікрараён вырасце ў чатыры разы. Па-чацвёртае, змяніць сістэму пад’езду транспарту да садкоў і школ, якія знаходзяцца побач. І падтрымка ўсіх грамадскіх ініцыятыў, якія вырашаюць мясцовыя праблемы, — кажа Яўген Дудкін.+

Яўген Дудкін на сустрэчы з выбарцамі ў 39-й школеГалоўнае для Яўгена зараз — праца на карысць людзей на мясцовым узроўні. Калі ад іх будзе патрабаванне ісці далей, ён будзе развіваць палітычную кар’еру. Яўген лічыць, што яго павінны выбраць, бо ён дбае пра інтарэсы жыхароў, з’яўляецца іх суседам і адчувае на сабе ўсе праблемы Альшанкі.

Абаранілі месца для паліклінікі і рынка

Зараз у школе на Альшанцы вучыцца 3000 чалавек замест запланаваных 900. Таму будаўніцтва яшчэ адной школы — адна з прыярытэтных задач для мікрараёна. Таксама тут няма месцаў для адпачынку і мала гандлёвых цэнтраў.+

Дзякуючы Яўгену былі пракладзеныя аўтобусныя маршруты ад Альшанкі ў цэнтр горада, да мясакамбіната і дзіцячых паліклінік. Кандыдат дамогся забароны продажу алкаголю ў парку каля школы. Таксама дзякуючы яму і падтрымцы жыхароў удалося абараніць месца для паліклінікі, якое мелі забудаваць.+

Таксама Яўген стаў ініцыятарам будаўніцтва рынку на Альшанцы. Там будуць гандляваць мясцовыя жыхары — тым, што самі вырасцяць.

«Няўжо ў нашай краіне магутнай няма грошай, каб пабудаваць дарогу?»

На сустрэчу прыйшлі з пытаннямі і праблемамі жыхары ўсяго горада. Людзі з вуліц Пралетарскай і Шчорса змагаюцца за захаванне месца для будаўніцтва дзіцячага садка. Зараз там плануюць пабудаваць чарговы шматпавярховік, а ў ім міні-сад на першым паверсе. Жыхары пасёлка Фабрычны ўжо пяць гадоў патрабуюць пабудаваць дарогу, якую разбурылі, калі правяралі каналізацыю.+

«Няўжо ў нашай краіне магутнай няма грошай, каб пабудаваць дарогу?» — пытае Валянціна Уладзіміраўна з Фабрычнага— Усё трэба вырашаць на месцах, — кажа дэпутатка Ганна Канапацкая. — Проста часам ваш дэпутат не ведае ці не хоча ведаць, што ў школе вучыцца не 900 чалавек, а 3000. Прыйдзіце да яго і скажыце, чаго вы хочаце. Варта памятаць, што пакуль існуе магчымасць адклікаць дэпутата. Пакуль будзе ісці гэта працэдура, у яго будзе час падумаць і прыслухацца да жыхароў.

Ганна Канапацкая расказала, што нават адзін дэпутат можа паўплываць на змены: «Самы яркі прыклад — гэта адмена Дэкрэта № 3. Я адна звярнулася да прэзідэнта з патрабаваннем яго адмены. Мяне падтрымалі дэмакратычныя партыі і людзі, якія выйшлі на акцыі пратэсту».+

Канапацкая: «Чыноўнік не мае адказнасці перад выбаршчыкамі, бо не памятае, хто плаціць яму зарплату»

Апытанні гродзенцаў паказваюць, што многія не ведаюць сваіх кандытатаў і не збіраюцца ісці на выбары. Людзі не маюць даверы да мясцовай улады. Прычына ў тым, што за апошнія 20 гадоў нівеліравалася паняцце мясцовага дэпутата, лічыць Канапацкая.+

«Чыноўнік не мае адказнасці перад выбаршчыкамі, бо ён не памятае, хто плаціць яму зарплату. Ён часта шчыра лічыць, што зарплату яму плаціць прэзідэнт. Але з нашых падаткаў фармуецца бюджэт. Таму найперш чыноўнік павінен быць адказным перад грамадзянінам».

Грамадзяне праз мясцовых прадстаўнікоў павінны вырашаць, на што ідуць іх грошы. На грамадскіх абмеркаваннях летам Яўген даведаўся, што Кастрычніцкі раён плаціць палову падаткаў Гродзенскай вобласці. «Трэба задумацца, — кажа Яўген. — У нас ёсць вялікія грошы, якія ідуць на дапамогу іншым».+

«У ідэале мясцовая ўлада павінна быць адказнай перад вамі за кожную капейку. І яна павінна патлумачыць вам, чаму яна пабудавала дарогу не там, дзе трэба вам. Калі вам кажуць, што ў бюджэце няма грошаў, вы павінны адказаць, што мы заплацілі – значыць бюджэт сфармаваны», — кажа Ганна.

Дэпутатка Ганна Канапацкая спадзяецца, што актыўнасць Яўгена не дазволіць прайсці іншым кандадатам на гэтым участку. «Я рада, што маладыя актывісты ідуць у дэпутаты мясцовых саветаў»Грамадзяне, у сваю чаргу, павінны быць актыўнымі і пытаць, што карыснага дэпутат зрабіў за нашы грошы. Трэба адстойваць свае інтарэсы, збіраць подпісы і знаходзіць аднадумцаў для вырашэння лакальных праблемаў.

Даведка

Яўген Дудкін нарадзіўся 1 снежня 1989 года, скончыў школу № 13 у Гродне, Магілёўскі гістфак і магістратуру. Магістарскую працу прысвяціў беларускаму пытанню ў польскай нацыянальнай палітыцы міжваеннага часу.

 

Hrodna.Life

Болей навін