У Віцебску вучыліся спыняць фальсіфікацыі падчас выбараў
3 лютага адбыўся трэнінг па падрыхтоўцы назіральнікаў на Чкалаўскую выбарчую акругу №18 у Віцебску, па якой балатуецца прамоўца Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Ірына Захарава, і назіральнікаў з Глыбокага на акругу прамоўцы БХД Змітра Лупача.
Удзельнікі трэнінгу будуць назіраць як працэс датэрміновага галасавання, гэтак і асноўнага.
“Ім было вельмі цікава даведацца пра магчымыя парушэнні выбарчага працэсу пад час галасавання. Тэст напрыканцы паказаў, што навуку назірання засвоілі ўдзельнікі добра. Наколькі – пакажа практыка”, – адзначыла каардынатар БХД у Віцебскай вобласці Таццяна Севярынец.
Пасля трэнінгу ў гонар стагоддзя БНР сябры БХД зрабілі сэлфі на фоне герба Пагоня, чым падтрымалі акцыю “Сэлфі незалежнасці”, якая пачалася ў Менску.
Увогуле цягам дзвух дзён у Віцебску сябры БХД, ПБНФ, “Руху за свабоду” вывучалі асаблівасці выбарчага кодэкса Рэспублікі Беларусь. Усе навучэнцы будуць назіральнікамі на розных акругах ад кампаніі “Права выбару”. Кожны назіральнік таксама атрымаў улётку-зварот “Жанчыны супраць фальсіфікацый” для сябраў участковых камісій.