У Віцебскім гарсавеце не знайшлі рашэння аб стварэнні сабачніку ў жылым двары
Як заўсёды, прамоўцы БХД за перадвыбарчым працэсам (агітацыя, пікеты) не забываюць і аб праблемах, якія яны вырашаюць незалежна ад часу і кампаній.
Так, 7 лютага другая прамоўца БХД Ірына Захарава наведала Віцебскі гарадскі савет дэпутатаў і пісьмова запатрабавала прад’явіць ёй рашэнне гарсавета адносна сабачніка, які быў агароджаны замест дзіцячай пляцоўкі на тэрыторыі яе акругі.
Памочнік старшыні гарсавета Мацвей Марозаў на просьбу паказаць тое рашэнне, пазначанае ў адмове пракуратуры ўмяшацца ў справу як падставу, залямантаваў, што ўжо шукалі і гэтага рашэння не існуе.
“Папрасілі тое засведчыць пісьмова. Даведаліся, што памочнік старшыні гарсавета – чалавек маленькі і нічога без ведама гаспадара напісаць нам не можа. Пракуратура ў сваім лісце нахабна ілжэ, спасылаючыся на неіснуючае рашэнне? Выходзіць так… А спадарыня Ірына рыхтуе дакументы ў суд, бо ўсе інстанцыі ўладаў, датычныя да з’яўлення сабачніка пад сценамі школьнай сталовай з аднаго боку і шматпавярховіка з другога, трымаюцца піянерамі-героямі. Так бы яны інтарэсы грамадзян адстойвалі! Прамоўцы адступаць не збіраюцца, незалежна ад вынікаў тых “выбараў”, – адзначыла каардынатар БХД Таццяна Севярынец.