У Менску штодня праходзяць “Сэлфі Незалежнасці”
У Менску штовечары а 18-й гадзіне працягваецца марафон, арганізаваны сустаршынём БХД Паўлам Севярынцам да юбілею Беларускай Народнай Рэспублікі – “Сэлфі Незалежнасці”.
Пачатае за 50 дзён да 25 сакавіка, даты 100-годдзя абвяшчэння незалежнасці БНР, каля дома нумар 50 па Праспекце Незалежнасці (гэта Філармонія на Плошчы Якуба Коласа), сумеснае фатаграфаванне і віктарыны з прызамі на тэму гісторыі БНР праводзяцца паслядоўна ля дамоў з адпаведнымі нумарамі: за 49 дзён да даты – дом №49, 48 дзён – дом 48, і так далей, да самай Плошчы Незалежнасці.
Пакуль штовечары ў “Сэлфі Незалежнасці” ўдзельнічае па 9-12 актывістаў, прычым іх пастаянна здымае на відэа група з 3-6 супрацоўнікаў “у цывільным”. Зрэшты, затрыманняў і пратаколаў за тыдзень сэлфі няма.
Павел Севярынец разлічвае на далейшы ўдзел у марафоне і “зорак” – дэпутатаў незалежнасці, вядомых палітыкаў, гісторыкаў і музыкаў. Ужо вядома, напрыклад, што каля ГУМа будзе сэлфі з Мікалаем Статкевічам, ля будынку КДБ – са Змітром Дашкевічам, ля Нацбанку – з Аляксеем Янукевічам; выбіраюць дзень Уладзімір Някляеў і Алесь Мілінкевіч, а бліжэй да Плошчы Незалежнасці на Праспекце могуць з’явіцца для сэлфі і вядомыя беларускія спевакі.
Запрашаем далучацца!