Сорак пустых пытанняў задалі Алегу Аксёнаву ў Следчым камітэце
У магілёўскага каардынатара БХД Алега Аксёнава адбылася размова ў міжраённым аддзеле Следчага камітэта вобласці. Дваццаць хвілін давялося чакаць старшага лейтэнанта юстыцыі, старшага следчага Кацярыну Іванову (Гэта яна колькі дзён таму настойліва запрашала па тэлефоне, а яе начальніца пагражала актывісту затрыманнем).
“Сорак пустых пытанняў”, – так ахарактарызаваў Аксёнаў змест гаворкі. Тычылася яна, як мы паведамлялі, крымінальнай справы, узбуджанай супраць незалежнага прафсаюза РЭП.
Па заканчэнні гутаркі каардынатар БХД прыняў рашэнне звярнуцца са скаргамі да начальніка абласнога Следчага камітэта і ў пракуратуру.