Выйшла кніга «Вінцэнт Гадлеўскі. Насуперак часу»

18 лютага 2018 13:48  |  Грамадства

Выйшла кніга «Вінцэнт Гадлеўскі. Насуперак часу»

 

У выдавецтве «Янушкевіч» свет пабачыла кніга пра кс. Вінцэнта Гадлеўскага — каталіцкага святара і аднаго са стваральнікаў Беларускай хрысціянскай дэмакратыі.

Аўтарам кнігі ў серыі «Беларускія жыццяпісы» выступіў гісторык з Гродна Андрэй Вашкевіч.

«Асобу Вінцэнта Гадлеўскага даследуюць мала, — піша ў прадмове аўтар кнігі. — У савецкай Беларусі пра тых, хто ў гады вайны супрацоўнічаў з немцамі, пісалі толькі ў прапагандысцкіх брашурах, хаця ў даваенны час Вінцэнт Гадлеўскі заслужыў у савецкай прэсе некалькі станоўчых водгукаў як святар, які змагаўся з “белапольскай акупацыяй” Заходняй Беларусі».

Імя Вінцэнта Гадлеўскага (1888–1942) добра вядома ўсім, хто цікавіцца беларускім нацыянальна-вызваленчым рухам першай паловы ХХ ст.

Як адзначыў Андрэй Вашкевіч, эмігранты збольшага хвалілі Гадлеўскага, але «ні праслаўленне асобы Вінцэнта Гадлеўскага аднымі, ні ганьбаванне другімі не стала стымулам для вывучэння біяграфіі і творчай спадчыны святара».

Яго жыццёвы шлях падрабязна апісаны ад нараджэння ў вёсцы Шурычы, што пад Ваўкавыскам, да трагічнай смерці ў Трасцянецкім лесе пад Мінскам.

Біяграфія святара створана на падставе дэтальнага даследавання разнастайных дакументаў, успамінаў і матэрыялаў перыядычнага друку.

Паводле Андрэя Вашкевіча, да сённяшняга часу адзінай працай перыяду 1940–1980-х гг., якая можа прэтэндаваць на ролю навуковага даследавання пра Гадлеўскага, з’яўляецца тэкст Вацлава Пануцэвіча (Папуцэвіча) «Ксёндз Вінцэсь Гадлеўскі. Дзяржаўны муж і павадыр народу», надрукаваны ў чыкагскім часопісе «Беларуская царква» ў 1965 г.

«Беручыся за біяграфічны нарыс, прысвечаны Вінцэнту Гадлеўскаму, мы не ставілі сваёй мэтай вырашыць усе актуальныя пытанні біяграфіі ксяндза.

Сёння гэта, мабыць, пакуль яшчэ немагчыма. Хацелася ў першую чаргу стварыць партрэт на фоне часу. Але адразу падкрэслім — партрэт гэты ствараўся выключна на аснове гістарычных фактаў», — заключае аўтар.

 

Catholic.by

Болей навін