Сябар БХД Білібуха пераабраны ў сельсавет у Бярозаўскім раёне

19 лютага 2018 08:01  |  Галоўныя навіны

Сябар БХД Білібуха пераабраны ў сельсавет у Бярозаўскім раёне

 

У Бярозаўскім раёне Берасьцейшчыны, паводле папярэдніх дадзеных, паўторна выбралі ў Першамайскі сельсавет кандыдата ад незарэгістраванай Партыі БХД Валера Білібуху.

Валер Білібуха быў адзіным апазыцыйным дэпутатам у Беларусі ў сельскіх саветах мінулага скліканьня. На гэтых выбарах супраць яго ў сельсавет быў выстаўлены вэтэрынарны ўрач, аднак, як перадалі назіральнікі, Валер Білібуха перамог «са значным адрывам». У камісіі на ўчастку Білібухі быў прадстаўнік ад Партыі БНФ.

«Таму і не сфальсыфікавалі, бо мае людзі і ў камісіі былі, і ў назіраньні. А калі ў роўных умовах — вы ж ведаеце, тут у вёсках большасьць людзей за мяне», — заявіў Валер Білібуха.

Спадар Білібуха балятаваўся і ў Бярозаўскі райсавет, дакладных зьвестак па гэтым галасаваньні пакуль няма.

Валер Білібуха працуе вальшчыкам лесу.

Болей навін