Заява Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі

26.02.2018, 08:03  |  Галоўныя навіны, Навіны, БХД

Заява Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі

 

У сувязі з  ганебнымі акцыямі кампаніі “Легалайз”, якую прасоўвае і рэкламуе арганізацыя «Дзея», дыскрэдытуючымі дэмакратычную апазіцыю і  абражаючымі  хрысціян  нашай краіны,  Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя  заяўляе: 

Мы абураныя акцыяй, каторую праводзіла кампанія “Легалайз” арганізацыі «Дзея»  пад час Хрыстовага Раства, 25 снежня 2017 году. Гэтая акцыя і кампанія «легалайза», што праводзіцца “Дзеяй” – за легалізацыю/дэкрыміналізацыю наркотыкаў, дагэтуль рэкламуюцца на афіцыйных старонках «Дзеі». Падчас «калядавання» сябры «Дзеі»   хадзілі гораду Мінску і спявалі беларускія  калядныя песні, дзе Імя Хрыста было замененае на слова «ганджубас» (што значыць «нарката»).

 «Ганджубас радзіўся, свет  узвесяліўся,

 Ганджубаса раджэнне - свету на збаўленне » ,   і гэтак далей.

На адных пікетах сябраў “Дзеі” - лагатып 100 гадоў БНР  і бел-чырвона-белы сцягі, на іншых - патрабаванне легалізацыі наркотыкаў, ганьбаванне беларускіх нацыянальных хрысціянскіх гімнаў. Тэму ўжо падхапіла БТ. Недарэчная і правакацыйная кампанія “легалайзу” дыскрэдытуе і ставіць пад удар кампаніі, што праводзяцца дэмакратычнымі сіламі краіны, у тым ліку святкавання 100-годдзя БНР.

Як дэмакратычная арганізацыя, мы не можам забараніць каму-небудзь выступаць нават з такім абразлівымі для ўсіх хрысціянаў акцыямі як «канапляная каляда», дзе падчас святкавання Каляд, у рэлігійных песнях беларускага народа імя “Хрыстос” замяняецца на «ганджубас» (наркотыкі).

Кожны мае права на свабоду веравызнання і свабоду выказвання, аднак абразу і прыніжэнне веры іншага чалавека (а ў дадзеным выпадку ідзе гаворка аб хрысціянах нашай краіны) мы лічым недапушчальнымі і амаральнымі. Акрамя таго, ганьбіцца  хрысціянская культурная спадчына беларускага народа.

Мы заклікаем арганізацыю “Дзея” і яе сябраў спыніць ганьбаванне  хрысціянскай культурнай спадчыны беларускага народа праз СМІ і сацыяльныя сеткі.

Мы заяўляем аб тым, што катэгарычна асуджаем  ганьбаванне беларускіх нацыянальных хрысціянскіх гімнаў. а таксама кампанію за легалізацыю  наркотыкаў.

Мы перакананыя, што імя Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі, як і імя ўсяго  дэмакратычнага беларускага руху не павінна стаяць побач з такімі сумнеўнымі кампаніямі,   не мусіць асацыявацца з акцыямі, падобнымі «канаплянай калядзе» альбо мітынгу за легалізацыю наркотыкаў.

 

Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя

Навіны па тэме