Арганізатар прытулку для бяздомных дзякуе тым, хто дапамагае
Аляксей Шчадроў, вядомы таксама як брат Луіджы, арганізатар прытулку для бяздомных у вёсцы Аляксандраўка Шчучынскага раёна, шчыра ўдзячны ўсім тым, хто ахвяруе на прытулак і дапамагае “Дому Марыі міласэрнасці”.
За 6 гадоў існавання прытулак у Аляксандраўцы стаў домам для больш як двухсот бяздомных. Сюды прывозяць людзей з Гародні, Берасця, Ліды, Менску. Тут чалавеку аказваюць першую медычную дапамогу, мыюць, кормяць, апранаюць. У прытулку існуе капліца. Побач з двума дамамі – гарод, дзе людзі вырошчваюць для саміх сябе зеляніну.
Людзей больш узімку, калі халодна. Улетку многія хадзячыя разьяжджаюцца. Але ёсьць і тыя, хто пасля дзесяцігоддзяў жыцця на вуліцы ўжо ня можа перамяшчацца самастойна – такіх Аляксей таксама лякуе і даглядае. За ўвесь час існавання прытулку 14 насельнікаў “Дома міласэрнасці” адышлі ў лепшы свет – памерлі не самотна, у падвале ці пад плотам, а ў ложку, у коле спагадлівых суседзяў, з малітвай.
Дапамагаюць прытулку мясцовыя жыхары, фермеры, ксяндзы, пастары некалькіх цэркваў, валанцёры з руху Святога Мікалая, сябры БХД і проста неабыякавыя людзі. Хтосці перадае прадукты, хтосці вопратку ці пральны парашок, хтосці кладзе на картку грошы, каб разлічыцца за дровы, рамонт вокнаў альбо сувязь.
Вялікую дапамогу аказвае асабіста Нунцый Габар Пінтэр.
Аляксей Шчадроў вельмі ўдзячны кожнаму, хто ахвяраваў хоць капейку на дабрачынную справу:
-Дзякуй усім людзям, хто не забываецца пра бедных, якія побач з намі. Што мы зрабілі аднаму з малых гэтых – то зрабілі Хрысту, Сам Госпад пра гэта кажа.