Магілёў далучыўся да кампаніі за справядлівую і незалежную судовую сістэму
У Магілёве адбылася сутстрэча з удзелам сустаршынь Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Віталём Рымашэўскім і Вольгай Кавальковай, лідарам кампаніі “За справядлівую і незалежную судовую сістэму” Джэсікай Каралюк, магілёўскім каардынатарам хрысціянскіх дэмакратаў Алегам Аксёнавым ды дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Ганнай Канапацкай.
Сустрэча адбылася ў межах кампаніі за судовую рэформу, якую ініцыявалі хрысціянскія дэмакраты і падтрымала дэпутат Палаты прадстаўнікоў Ганна Канапацкая. Хрысціянскія дэмакраты распачалі працу па ўсіх рэгіёнах краіны, каб прыцягнуць да працы над праблемай больш людзей, знайсці прыхільнікаў і сабраць усе магчымыя прапановы ад грамадзян, якія непасрэдна сутыкнуліся з дзяржаўнай судовай сістэмай і гвалтам з боку сілавых структур.
Адна з удзельніц руху 328 Валянціна Кухарэнка: “Самае галоўнае, што людзі сталі больш смелыя, і вялікі плюс у падтрымцы нашага руху з боку розных партый. Мы правільна думаем, бо хочам правільна жыць, хочам, каб суды і законы былі за людзей, а не для чыноўнікаў, таму трэба размаўляць, трэба прапаноўваць, і трэба вырашаць і нешта рабіць. Людзі бачаць, у іх адкрытыя вочы, многія нас чуюць і разумеюць, пагаджаюцца з намі. Зараз нават з’явілася такая назва для асуджаных па артыкулу №328 – “Дзеці Лукашэнкі”, бо за наркотыкі “сядзіць” амаль адна моладзь, іх вельмі многа, і гэта ўжо такі лозунг зараз – бо турмы перапоўнены дзецьмі”.
Сама кампанія пачалася з правядзення ў пачатку сакавіка круглага стала ў Мінску з удзелам дэпутата Палаты прадстаўнікоў Ганны Канапацкай і прадстаўнікоў розных міністэрстваў і ведамстваў Беларусі.
Галоўныя патрабаванні кампаніі: перагледзець усе судовыя рашэнні па артыкуле 328 КК, а таксама пачаць судова-прававую рэформу Беларусі. Беларускія хрысціянскія дэмакраты больш за два гады займаюцца пытаннямі несправядлівых і празмерных пакаранняў, у тым ліку па артыкуле 328. За гэты час практычна ўсе органы дзяржаўнай улады прызналі тое, што артыкул трэба пераглядаць. Ужо год таму абяцалі змены, аднак нічога за гэты час не адбылося.
Цяпер стаіць задача правесці агульнанацыянальную кампанію за судовую рэформу і дамагчыся ад улады заканадаўчых зменаў.
У круглых сталах, якія ўжо прайшлі ў рэгіёнах па ініцыятыве і падтрымцы БХД, прынялі ўдзел сваякі асуджаных па артыкуле 328, грамадскія актывісты, а таксама сваякі людзей, якія былі несправядліва асуджаныя па розных артыкулах Крымінальнага кодэкса альбо сутыкнуліся з несправядлівасцю судова-прававой сістэмы.
У бліжэйшыя месяцы плануем правядзенне агульнанацыянальнай кампаніі ў падтрымку гэтых змен, у тым ліку збор подпісаў, сустрэчы ў рэгіёнах і вулічныя акцыі.
Выкарыстоўваючы дэпутацкі мандат Ганны Канапацкай, хрысціянскія дэмакраты ўжо на вясенняй сесіі Палаты прадстаўнікоў плануюць унесці прапановы па змяненні Крымінальнага кодэкса.