Справу Таісіі Кабанчук накіравалі на дапрацоўку, яе саму вызвалілі
Міліцыя абвінавачвае іх у «пераходзе дарогі з парушэньнем правілаў, непадпарадкаваньні міліцыі».
Бабруйскі суд накіраваў на дапрацоўку адміністрацыйныя справы на актывістак Таісію Кабанчук (аргкамітэт партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя») і Галіну Сьмірнову (прафсаюз РЭП).
Абедзьвюх вінавацяць у непадпарадкаваньні супрацоўнікам міліцыі і парушэньні правілаў дарожнага руху, нібыта яны перайшлі праезную частку ў недазволеным месцы.
Але суд выявіў у пратаколах памылкі.
Сьмірнова: «Узялі пад рукі і кінулі ў машыну»
Да суду жанчыны знаходзіліся ў ізалятары часовага ўтрыманьня. Абедзьве былі заяўніцамі мітынгу ў Бабруйску да 100-годзьдзя абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі. Гарвыканкам таго мітынгу не дазволіў.
Галіну Сьмірнову затрымалі позна ўвечары 23 сакавіка. Яна вярталася са сьвяточнай імпрэзы да юбілею БНР, якая праходзіла ў офісе АГП. Са слоў жанчыны, у двары каля яе дома было поўна супрацоўнікаў міліцыі ў форме і цывільным. Ёй не дазволілі зайсьці ў кватэру, каб пакінуць там рэчы, а «ўзялі пад рукі ды ўкінулі ў машыну, не далі патэлефанаваць родным».
У міліцыі на Галіну Сьмірнову склалі два адміністрацыйныя пратаколы, на якіх актывістка пазначыла, што лічыць затрыманьне незаконным. Па яе словах, пасьля таго як у яе ня выявілі алькагольнага ап’яненьня, склалі пратакол за пераход вуліцы ў неналежным месцы. 27 сакавіка яна мае зьявіцца ў мясцовае ДАІ для разгляду справы аб парушэньні правілаў дарожнага руху.
Сядзела ў камэры з хворай жанчынай
У камэры ізалятара часовага ўтрыманьня першыя суткі Галіна сядзела адна. Потым да яе падсадзілі жанчыну, якую зьняволілі праз канфлікт з мужам. 25 сакавіка ў камэру да яе кінулі падпітую жанчыну «з прыкметамі белай гарачкі».
«Яна поўзала па камэры, чаплялася за ногі сукамэрніц, гаварыла зь нябожчыкамі. На просьбы супакоіцца не рэагавала. Мы ня спалі ноч. Ранкам гэтай жанчыне стала зусім кепска, і яе забралі», — кажа Галіна Сьмірнова.
Як сказала Галіна Сьмірнова, увесь дзень 25 сакавіка яна хадзіла па камэры ў майцы з Пагоняй і ўсьцешылася, калі на яе выгук «Жыве Беларусь!» пачула зь іншай камэры ад Таісіі Кабанчук водгук «Жыве!».
Кабанчук: мяне затрымлівалі бандыты
Таісію Кабанчук затрымалі 24 сакавіка сярод дня. Сваё зьняволеньне яна назвала бандыцкім. Яна напісала заяву ў пракуратуру, каб выявілі і пакаралі асобаў, якія незаконна яе затрымлівалі. Паводле актывісткі, рабілі гэта супрацоўнікі ў цывільным.
«Я спалохалася, бо на мяне наваліліся дужыя хлопцы, якія казалі, што я затрыманая, але за што, не казалі. Адказвалі, што скажуць у міліцыі. Толькі пасьля маіх патрабаваньняў адзін з хлопцаў паказаў пасьведчаньне, не разгортваючы. Падпіхвалі ўвесь час, каб я села ў машыну, што я і зрабіла», — кажа актывістка.
Сядзела ў камэры з крымінальніцай
Паводле Таісіі Кабанчук, у камэры зь ёю сядзела жанчына, якая мела крымінальнае мінулае, а ў ізалятар яе кінулі, бо яна нібыта «пырнула» мужа нажом.
«Пасьля таго як яна сказала, што дарэжа мужа, мне стала кепска, але, дзякаваць Богу, гэтую сукамэрніцу хутка ад мяне забралі. Потым падсадзілі іншую жанчыну з падобнай гісторыяй», — кажа актывістка.
Паводле заканадаўства пад адміністрацыйным арыштам не дапускаецца знаходжаньне ў адной камэры асобаў з крымінальным мінулым і тых, хто ня мае такога досьведу.
Як і Галіна Сьмірнова, Кабанчук мае зьявіцца 27 сакавіка ў ДАІ для разгляду адміністрацыйнага парушэньня — пераходу дарогі ў неналежным месцы.
На думку актывістак, іх затрымалі, бо хацелі перашкодзіць ім трапіць у Менск на ўрачыстасьць да юбілею БНР.
«Відаць, меркавалі, што мы ўдваіх зьдзейсьнім рэвалюцыю годнасьці. Ва ўлады была задача — не дапусьціць выезду з рэгіёнаў людзей у сталіцу», — кажа Таісія Кабанчук.