У Брэсце прайшла сустрэча па пытаннях рэформы судовай і праваахоўнай сістэм (фота)
У Брэсце прайшла сустрэча з удзелам сустаршыні Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Віталя Рымашэўскага, лідара кампаніі “За справядлівую і незалежную судовую сістэму” Джэсікі Цыдзвінцавай і дэпутата Палаты прадстаўнікоў Ганны Канапацкай па пытаннях рэформы судовай і праваахоўнай сістэм.
На сустрэчы са сваякамі асуджаных былі абмеркаваныя планы таго, як пашырыць кампанію, і зрабіць яе агульнанацыянальнай не толькі па геаграфіі, але і па далучанасці розных катэгорый грамадства.
Распавядае Джэсіка Цыдзвінцава:
“Права на справядлівае судовае разбіральніцтва з’яўляецца агульнапрызнанай міжнародна-прававой нормай, якая непасрэдна адносіцца да правоў чалавека. Права на незалежны, бесстаронні і кампетэнтны суд з’яўляецца абсалютным правам, якое не дапускае ніякіх выключэнняў.
Незалежнасць і бесстароннасць суда – гэта два з самых фундаментальных складнікаў справядлівага суда. У адпаведнасці з абавязковымі для выканання палажэннямі міжнароднага права і абавязацельствамі АБСЕ, усе абвінавачаныя маюць права на разгляд іх справы створаным на падставе закона кампетэнтным, незалежным і непрадузятым судом. Дзяржава павінна прымаць канкрэтныя меры, якія гарантуюць незалежнасць судовай сістэмы. Суды павінны быць незалежнымі ад выканаўчай і заканадаўчай улады, а таксама ад бакоў у судовым працэсе. Суды павінны быць свабоднымі ад любой формы ўздзеяння або ціску з боку іншых галін дзяржаўнай улады або каго-небудзь іншага.
Аднак, нягледзячы на гарантыі незалежнасці суддзяў, выканаўчая ўлада ў асобе адміністрацыі прэзідэнта і Міністэрства юстыцыі мае значныя рычагі кантролю над рознымі сферамі судовай улады. Гэта ўнутранае прававое рэгуляванне парадку прызначэння, тэрміну паўнамоцтваў, пасоўванняў па службе і вызваленне ад пасады суддзяў, выплаты ім заработнай платы.
На практыцы суддзі не толькі абыякава альбо з неразуменнем ставяцца да значэння прынцыпу незалежнасці і сваёй ролі ў яго ажыццяўленні, але і дэманструюць сваю залежнасць ад пазіцыі органаў выканаўчай сістэмы ўлады.
Суды падчас судовага следства дэманструюць абвінаваўчы ўхіл, аддаючы відавочную перавагу доказам абвінавачвання.
Яшчэ адна тэндэнцыя, якую можна разглядаць у якасці патэнцыйнага паказчыка прадузятасці суддзяў на карысць боку абвінавачання, выяўляецца пры вынясенні прысудаў. Аналіз прысудаў паказвае, што ў шматлікіх справах суддзя выносіць абвінавачанаму такі прысуд, якога патрабавала абвінавачанне. У прысудах суды дэманструюць нераўназначнае стаўленне да доказаў, падрабязна выкладаючы доказы вінаватасці і часта пакідаючы па-за ўвагай доказы абароны.
У краіне, дзе суддзі цалкам залежаць ад выканаўчай улады; дзе абвінаваўчы ўхіл у судах становіцца правілам; дзе абвінавачаныя заяўляюць пра ўжыванне да іх катаванняў і жорсткага абыходжання; дзе заявы застаюцца без увагі з боку суддзі, а доказы з боку абвінавачання прымаюцца без уліку спосабу, якім яны былі атрыманы; дзе паўсюдна парушаюцца правы абвінавачаных на абарону і атрыманне юрыдычнай дапамогі – разлічваць на справядлівае судовае разбіральніцтва асабліва не прыходзіцца.
Вынік, Беларусь з’яўляецца адной з першых краін Еўропы па колькасці зняволеных на душу насельніцтва.
Мы лічым сваім абавязкам дапамагчы тым, хто апынуўся «за калючым дротам» без дастатковых да таго падстаў. Мы будзем змагацца за перагляд сумніўных з пункту гледжання законнасці прысудаў.
У краіне неабходна правядзенне судова-прававых рэформаў, у выніку якіх суды зменяцца, абновіцца кадравы склад судоў, з’явіцца суд з удзелам прысяжных засядацеляў.
Нашы суды стануць рэальна незалежнымі, аб’ектыўнымі, кампетэнтнымі”.