Кампанія па абароне правоў на свабоду сумлення
Кампанія па абароне правоў на свабоду сумлення пачалася ў красавіку 2007 года. Яе мэтай быў збор подпісаў за ўнясенне зменаў у дзейны Закон «Аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацыях». Збор подпісаў стаў адначасова і шырокай інфармацыйнай кампаніяй, што таксама вельмі важна для жыхароў краіны, бо афіцыйныя сродкі масавай інфармацыі замоўчваюць той факт, што прыняты ў 2002 годзе Закон «Аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацыях» рэзка абмежаваў правы хрысціянскіх канфесій і асобных абшчынаў (асабліва малалікіх або паўсталых нядаўна) у правядзенні імі сваёй статутнай дзейнасці, звязанай, у першую чаргу, з пропаведдзю Евангелля. Асобныя палажэнні гэтага Закона супярэчаць Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і шэрагу міжнародных прававых актаў, падпісаных нашай краінай.
Ужо ў лютым 2008 г. было сабрана больш за 50 000 подпісаў, якія арганізатары Кампаніі прыклалі да «Калектыўнага звароту грамадзянаў Беларусі» і даслалі ў Канстытуцыйны суд, прэзідэнту Беларусі, у Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.