Адбылася першая сустрэча па падрыхтоўцы Чарнобыльскага Шляху-2018
29 сакавіка ў Менску адбылася першая сустрэча па падрыхтоўцы Чарнобыльскага Шляху-2018. “Будзем падаваць заяўку на мітынг і шэсце. Будзем працягваць выкарыстоўваць новыя фарматы для традыцыйных акцый. Відавочна, што экалагічныя праблемы, тэма Чарнобыля мусіць быць асноўнай на 26 красавіка”, – адзначыў сустаршыня Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Віталь Рымашэўскі.
“Чарнобыль – не проста трагедыя ў гісторыі. Чарнобыль – гэта наступствы, якія ўплываюць на жыццё і здароўе беларусаў сёння. Зрабіць жыццё ў Беларусі бяспечным для здароўя, экалагічныя ўмовы спрыяльнымі, зрабіць так, каб будаўніцтва новай АЭС не прынесла паўтарэння Чарнобыльскай трагедыі – гэта нацыянальныя задачы. Спадзяюся, што гэты Чарнобыльскі шлях-2018 стане крокам да сумеснага вырашэння гэтых задач”, – падкрэсліў ён.
У аргкамітэт “Чарнобыльскага шляху – 2018” увайшлі 8 арганізацыяў: аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя», Аб’яднаная грамадзянская партыя, Рух «За Свабоду», Беларуская партыя “Зялёныя”, Рух салідарнасці «Разам», грамадскае аб’яднанне «Экадом» і Партыя БНФ.
Функцыі камунікацыі з гарадскімі ўладамі аргкамітэт усклаў на старшыню Руху «За Свабоду» Юрася Губарэвіча. Адказны за камунікацыю са СМІ – першы намеснік старшыні Беларускай партыі “Зялёныя” Дзмітрый Кучук. “Аргкамітэт адкрыты да далучэння новых ініцыятыў, гатовы прыслухацца да любой крэатыўнай канструктыўнай прапановы па фармаце правядзення Чарнобыльскага шляху”, – дадаў Віталь Рымашэўскі.