Севярынец: гэты рэжым варожы Касцёлу

30 красавіка 2018 10:28  |  Галоўныя навіны

Севярынец: гэты рэжым варожы Касцёлу

 

Сустаршыня Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі Павел Севярынец пракаментаваў чарговае рашэнне уладаў выслаць каталіцкага святара Кшыштафа Пасвяту, які будуе касцёл у Гатаве пад Менскам.

– Ксяндза, які будуе касцёл і вядзе набажэнства па-беларуску, высылаюць з Беларусі нібыта за адміністрацыйныя парушэнні – перавышэнне хуткасці. Відавочна, што святара адмыслова “лавілі” – у сённяшняй Беларусі дачапіцца да чалавека лягчэй лёгкага.  Але падставай для адмовы ў візе ёсць мінімум пяць парушэнняў, а не тры, таму нават фармальна улады дзейнічаюць у дачыненні да ксяндза незаконна. Пры гэтым міліцэйскае начальства на дарогах збівае сваіх грамадзян на дарогах насмерць, начальнік дзяржавы ездзіць з такім картэжам, такой хуткасцю і такімі мерамі бяспекі, што паралізуе рух на гадзіны.
Сапраўдная ж прычына, на мой погляд, у іншым. Касцёл як маральная сіла, беларуская ў сваёй аснове, непадкантрольная Лукашэнку, выклікае ў пракамуністычнага, прарасейскага рэжыму, заснаванага на фальсіфікацыях, хлусні і страху, глухое незадавальненне. Як напісана – што супольнага ў святла з цемрай? Што агульнага ў праведнасці з беззаконнем? Трэба казаць адкрыта: гэты рэжым варожы Касцёлу.
Вось адкуль адмовы ў візах для ксяндзоў, праблемы пры прадастаўленні участкаў для будоўлі касцёлаў, справа Уладзіслава Лазара. Таму БХД салідарная са святарамі, якіх выціскаюць з Беларусі. Мы заклікаем вернікаў не маўчаць, супрацьстаяць беззаконню і разам абараняць людзей ад рэпрэсіяў рэжыму.

Болей навін