Таццяна Севярынец праверыла, як справы на аб’ектах, пра якія клапаціліся актывісты БХД Віцебска
Каардынатар Беларускай хрысціянскай дэмакратыі ў Віцебску Таццяна Севярынец правяла “рэвізію” аб’ектаў, за якія сябры БХД Віцебска ды актывісты ініцыятывы “Віцебск – горад наш” клапаціліся: збіралі подпісы пад калектыўнымі зваротамі, турбавалі чыноўнікаў, пісалі ў СМІ.
Гэтак, капліца Дуніна-Слепсця ў Батанічным садзе яшчэ чакае, калі чыноўнікі з гарвыканкама дадуць дабро на аплачаныя ўжо каталіцкім касцёлам працы;
Прыбіральня ў Батанічным садзе, якая заплывала лайном, зараз “абзавялася” пастаментам-пляцоўкай з пліткі, венікам і іржавым вядром для выкарыстанай па прызначэнні паперы. Ваніць яшчэ па звычцы.
Лазня-пральны камбінат на перакрыжаванні вуліц Чкалава і Воінаў-інтэрнацыяналістаў яшчэ, пэўна, з год не будзе здольны прыняць першых кліентаў. Але пара-тройка будаўнікоў там працуе стала.
А вось паліклініка на Поўдні 7А узняла амаль усе свае паверхі. Плануецца, што да канца бягучага года знешні выгляд яе будзе даведзены да плануемага бляску, а на начынне і абсталяванне спатрэбіцца яшчэ год.
“Так што, сябры, усё ў нашых руках. І нагах. І жаданнях – працуйма! У Віцебскіх актывістаў БХД планаў шмат: і з жыроўкамі разабрацца, і з арэндамі азёраў Віцебшчыны, і з Заронаўскім сельсаветам, ды і пытанні медыцыны актуальныя. Працы хопіць кожнаму, хто не жадае чакаць міласці ад улады, а лічыць сябе гаспадаром на сваёй зямлі. Далучайцеся! Тэлефон – +375295977049″, – заклікала Таццяна Севярынец.