Жыхары Віцебска выбіраюць сваю княгіню Вольгу
У Віцебску пачалося грамадскае абмеркаванне эскізаў помніка заснавальніцы горада роўнаапостальнай княгіні Вользе. На конкурсе будуць прадстаўлены 16 праектаў, аўтарамі якіх з’яўляюцца скульптары і архітэктары з Віцебска, Полацка і Менску.
На эскізах княгіня Вольга прадстаўлена ў выглядзе маладой сціпла апранутай дзяўчыны або як велічная валадарка ў багатым убранні. На большай частцы выяваў Вольга, што стаіць на пастаменце, трымае ў руках крыж, храм або шчыт з гербам Віцебска. Каля ног княгіні — скрутак з часткаю летапіснага падання аб заснаванні горада. Цікавасць выклікаюць праекты, прысвечаныя прыбыццю княгіні ў будучы горад, на якіх святая стаіць на карме старажытнай лодкі. Сярод праектаў надзвычай арыгінальнай з’яўляецца прапанова ўсталяваць помнік заснавальніцы Віцебска на вежы будынку аблвыканкама. Першыя вынікі конкурсу будуць вядомыя ў пачатку лістапада, паведамляе БелТА.
Прыгожая легенда аб заснаванні горада апавядае, што ў 974 г. княгіня Вольга, пасля перамогі над ятвягамі і печанегамі, пераправілася праз раку Дзвіну і спынілася з войскам на начлег. Месца ёй вельмі спадабалася, і валадарка вырашыла заснаваць там горад: заклала драўляны замак, назваўшы яго Віцебскам ад назвы ракі Віцьба, і пабудавала дзве царквы. Археалагічныя раскопкі сапраўды пацвярджаюць наяўнасць пасялення на гэтым месцы ў Х ст.