Севярынец: Хакейная авантура дыктатара скончылася крахам
Пра гэта сайту сharter97.org заявіў cустаршыня Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Павел Севярынец, каментуючы правальны выступ зборнай Беларусі па хакеі на чэмпіянаце свету ў Даніі:
– Я думаю, што гэта адна з тых авантур, якія застануцца ў гісторыі пасьля Лукашэнкі. Грошы, якіх так не хапае для развіцця эканомікі, накіроўвалі на дурны капрыз дыктатара. Мы зараз бачым, чым гэта скончылася. Запрашаюцца замежныя трэнеры, будуюцца лядовыя палацы, ўкідваюць велізарныя грошы ў заробкі спартовым функцыянерам, у піяр, у хакейны клуб «Дынама-Мінск», а вынікаў няма нідзе. Ні ў «Дынама», ні ў зборнай. Проста запрашаюць канадцаў, якім выдаюць беларускія пашпарты. Заканчваецца гэта ўсё дрэнна.
Вось яшчэ і аргентынец Марадона стаў вішанькай на торце. Вядома, нам «вельмі патрэбны» цяпер Дыега Марадона ў брэсцкім «Дынама»! Выкінулі на вецер невядома якую колькасць грошай, якімі, я перакананы, можна было аплаціць працу тысячаў настаўнікаў і пабудаваць дзясяткі дамоў для бяздомных. Гэтыя сродкі можна было выдаткаваць з розумам.
Вядома, гэта правал 20-гадовай кампаніі, за які ў любой дэмакратычнай краіне кіраўнік нацыянальнага алімпійскага камітэта павінен быў бы сысці ў адстаўку.
На мой погляд, Лукашэнка ніяк не пракаментаваў правал беларускіх хакеістаў, таму што разумее, што тут і казаць проста няма пра што. Можа, ён нават пабойваецца казаць, таму што ўсведамляе: народ зразумеў, што авантура скончылася крахам.