Слонімскі актывіст паўгода дамагаецца, каб пакаралі вінаватых у парушэньнях на выбарах
Актывіст БХД Алесь Масюк, былы кандыдат у дэпутаты Слонімскага раённага савету, на працягу пяці месяцаў дамагаецца праверкі па факце магчымай фальсыфікацыі вынікаў выбараў у мясцовыя саветы 18 лютага 2018 году на ягоным выбарчым участку.
Праваахоўныя органы праверку па факце не правялі, але адказваюць, што вінаватых няма.
Факты, якія сьведчаць, што былі фальсыфікацыі
Алесь Масюк у сваіх скаргах у праваахоўныя органы выкладае некалькі фактаў, як ён лічыць, фальсыфікацыі падліку галасоў на ўчастку, дзе балятаваўся. Прычым ён сьцьвярджае, што не абскарджвае вынікі выбараў, а просіць правесьці праверку па факце фальсыфікацыі і прыцягнуць да крымінальнай адказнасьці старшыню выбарчай камісіі на ўчастку № 10 Тацяну Юнгу.
Па-першае, ён зьвяртае ўвагу на парушэньне выбарчага заканадаўства старшынёй камісіі. Яна, паводле яго, не дазволіла стаяць побач зь сябрамі камісіі і весьці кантроль за тым, як вядзецца падлік галасоў.
«У залі паміж назіральнікамі і сябрамі камісіі, якія вялі падлік галасоў, былі пастаўленыя крэслы, каб назіральнікі не маглі наблізіцца да стала, дзе вёўся падлік галасоў», — распавядае Масюк. — «Мы сядзелі за мэтраў 10 ад камісіі. Гэта выглядала нават абразьліва для ўсіх нас», — кажа былы кандыдат.
Па-другое, старшыня камісіі адразу пасьля падліку галасоў асобна аб’явіла вынікі пра колькасьць тых, што галасаваў «за», «супраць», «супраць усіх» са скрыні датэрміновага галасаваньня і са скрыняў, у якіх знаходзіліся бюлетэні галасаваньня на даму, але не аб’явіла вынікі са скрыні, у якой знаходзіліся бюлетэні ў дзень галасаваньня на выбарчым участку.
Па-трэцяе, у выніковым пратаколе, які вывесілі для агульнага агляду пасьля падліку галасоў, у радку, дзе пазначаецца колькасьць галасоў «супраць усіх», была запісана лічба 21. А ў пратаколе, накіраваным у Слонімскую раённую камісію, у гэтым жа радку была запісана лічба 127.
«І ўрэшце, у выніковы пратакол участковай камісіі быў падпісаны 13 чальцамі, хоць адзін зь іх хварэў і адсутнічаў у дзень галасаваньня», — сьцьвярджае Масюк.
Паказалі новыя пратаколы: была тэхнічная памылка
На наступны дзень Масюк зьвярнуўся са скаргай у раённую камісію, але там яму паказалі ўжо выпраўлены пратакол, у якім лічбы колькасьці людзей «супраць усіх» супадалі.
У новым пратаколе стаяла 12 подпісаў сяброў камісіі, а ў адным радку было запісана: хварэе.
«У раённай камісіі мне патлумачылі, што адбылася тэхнічная памылка з прычыны таго, што я і мае назіральнікі перашкаджалі сябрам участковай камісіі падчас падліку галасоў», — кажа Масюк.
Чаму ня робяць праверкі
Масюк палічыў гэта фальсыфікацыяй выбараў і зьвярнуўся ў раённую пракуратуру. У скарзе Масюк патрабаваў правесьці праверку па факце фальсыфікацыі выбараў згодна з арт. 174 КК і завесьці крымінальную справу ў дачыненьні да старшыні ўчастковай камісіі Тацяны Юнгі. Да скаргі былі прыкладзеныя фатаздымкі выніковых пратаколаў.
Пракуратура пераслала ягоную скаргу ў абласную камісію, а адтуль прыйшоў адказ, што парушэньняў ня выяўлена, а потым і сама адказала так:
«З матэрыялаў раённай, абласной выбарчых камісій, Цэнтральнай камісіі Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзеньні рэспубліканскіх рэфэрэндумаў парушэньняў заканадаўства аб выбарах у дзеяньнях Юнгі Т.В. ня выяўлена».
Масюк скардзіцца непасрэдна абласному пракурору, патрабуе правядзеньня праверкі па факце фальсыфікацыі выбараў. Абласны пракурор перанакіроўвае скаргу ва Ўпраўленьне ўнутраных спраў Горадзенскага аблвыканкаму.
Абласная міліцыя перанакіравала скаргу ў Слонімскую раённую міліцыю, а адтуль яе пераслалі ў Слонімскі райвыканкам.
Масюк чарговы раз зьвяртаецца ў Слонімскую раённую пракуратуру ўжо праз тое, што міліцыя не рэагуе на ягоную скаргу. Але і гэтая скарга накіроўваецца ў Слонімскі РАУС. Гэтым разам зь міліцыі прыходзіць адказ, у якім гаворыцца, што скарга разгледжаная і па ёй прынятае заключэньне. Якое, не гаворыцца.
«Ужо непасрэдна ў РАУСе я азнаёміўся з заключэньнем, — распавядае Масюк. — У ім нічога не гаворыцца аб праведзенай праверцы, аб фактах фальсыфікацыі, а проста вядзецца пералік усіх устаноў, куды былі накіраваныя мае скаргі», — канстатуе Алесь Масюк.
Наступная скарга будзе ў Генэральную пракуратуру
Чарговая скарга Масюком была накіравана зноў у раённую пракуратуру і зноў на дзеяньні міліцыі, якая не праводзіць праверкі фактаў фальсыфікацыі выбараў. Пасьля гэтага яго выклікалі да раённага пракурора з тым, каб узяць тлумачэньні.
А пасьля гэтага раённы пракурор даслаў адказ Масюку, што на падставе дадзеных раней яму адказаў з розных установаў пракуратура таксама лічыць, што фактаў фальсыфікацыі выбараў не было. Праўда, як сьцьвярджае Масюк, праверка згодна з арт. 174 КК так і не была праведзеная.
«Я лічу, што ня варта спыняцца на гэтым, і веру, што трэба дамагацца таго, каб закон выконваўся і ў нашай краіне», — кажа Масюк. — «Чарговую скаргу па фактах фальсыфікацыі зьбіраюся накіраваць у Генэральную пракуратуру», — заявіў Свабодзе былы кандыдат у дэпутаты.
«Усё роўна варта дамагацца справядлівасьці…»
Праваабаронца «Вясны» Ўладзімер Хільмановіч, які на працягу пяці месяцаў сочыць за перапіскай Масюка з праваахоўнымі органамі, лічыць, што ў такой сытуацыі шанцаў у Масюка практычна няма.
Але ў той самы час кажа, што змагацца варта да канца дзеля таго, каб на наступных выбарах прадухіліць такія цынічныя фальшаваньні.
«Трэба даваць зразумець тым, хто фальшуе, і тым, хто адказвае за законнасьць у краіне, што яны датычныя да гэтага, — гаворыць Хільмановіч. — Разумею, што грамадзкія актывісты, апазыцыйныя палітыкі ўжо стаміліся ад таго, што ў судах, пракуратуры немагчыма дабіцца законных рашэньняў. Але іншага выйсьця няма: сьвет павінен бачыць, як фальшуюцца выбары ў нашай краіне», — сказаў Свабодзе праваабаронца.