“Народны кантроль” Віцебска адсочвае выкананне абяцанняў чыноўнікаў
Падчас сустрэчы ў намесніка старшыні Віцебскага гарвыканкама Сяргея Саглаева сябры ініцыятывы “Віцебск – горад наш”, актывісты аргкамітэта БХД паставілі шэраг пытанняў па праблемах Віцебска. Адно з іх звязана са станам закінутых могілак у м-не Кліны.
Гэтае месца называюць адным з самых страшных у горадзе. Два гады таму актывісты, якія неаднаразова проста прыбіралі гэтыя могілкі, звярнуліся з калектыўным зваротам і ў розныя службы Віцебска, патрабуючы навесці тут парадак, забяспечыць міліцэйскі нагляд, і ў праваслаўную епархію, у якой прасілі апекі над месцам спачыну віцеблян.
Паўсюль абяцалі заняцца. Але, як звычайна, абяцанкі засталіся цацанкамі. Пасля напаміну на могілкі прыйшлі касцы, абкасілі могілкі па перыметры ды дарожку праз іх. А міліцыя, па сведчаннях людзей, тут бывае гады ў рады.
А вось у парку 1000-годдзя пачалося “сезоннае” варушэнне (сезон наяўнасці грошай): пастаўлены вагончык для працоўных, складзена бардзюрная плітка, куча пяску, трынога для вызначэння ўзроўню будучай дарожкі і метры тры праекту, на якім можна ўбачыць абрысы будучай прыгажосці. (Парк “з’явіўся”, калі горад рыхтаваўся адзначыць сваё 1000-годдзе, у 1974. Гэта была закінутая пустка на ўскрайку горада, а зараз ён бліз цэнтра. Узімку тут бегаюць на лыжах аматары ЗОЖ, улетку – паўсюль ляжаць загарэлыя целы, у непагадзь прайсці праз яго праблематычна, а ўначы – небяспечна).
“Народны кантроль надалей будзе адсочваць, як выконваюцца абяцанні ўладаў”, – адзначыла каардынатар БХД Таццяна Севярынец.