Віталь Рымашэўскі заклікаў далучацца да Курапацкай варты (відэа)
Сустаршыня Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Віталь Рымашэўскі, які 15 жніўня ўзяў удзел у Курапацкай варце каля рэстарану “Поедем-поедим”, заклікаў новых людзей далучацца да абароны мемарыялу.
“Больш за два месяцы трывае варта, якая патрабуе ўсталявання законнасці ў дачыненні да Курапатаў. Якая патрабуе захаваць ахоўныя межы і абараніць адзіны ў Беларусі мемарыял ахвярам сталінскіх камуністычных рэпрэсій у нашай краіне”, – адзначыў ён.
Паводле яго, калі змаўчаць сёння, то заўтра забудова працягнецца, а паслязаўтра ўвогуле паспрабуюць знесці мемарыял. Сустаршыня БХД таксама падкрэсліў, што з тых, хто прыязджае, многія ўпершыню чуюць пра Курапаты.
“Калі знайдзіце гадзіну-дзве на тыдзень, магчыма, пару гадзін на месяц, прыйдзіце сюды, вазьміце буклеты і раздайце іх. Не так складана ахвяраваць тысячы беларусаў дзве гадзіны на тыдзень дзеля таго, каб тут заўсёды захоўвалася варта. Дзеля таго, каб трывала абарона Курапатаў”, – заклікаў Віталь Рымашэўскі.