Віталь Рымашэўскі. На што трацяць грошы магілёўскія чыноўнікі? (відэа)

03.09.2018, 15:12  |  Галоўныя навіны, Блог Віталя Рымашэўскага, Палітыка

Віталь Рымашэўскі. На што трацяць грошы магілёўскія чыноўнікі? (відэа)

 

Вось ужо год беларускія хрысціянскія дэмакраты дамагаюцца будаўніцтва паліклінікі ў мікрараёне Казіміраўка горада Магілёва. На шматлікія звароты грамадзян ўлады пісалі адпіскі: «грошай няма».

Гісторыя звычайная: зямлю забудоўшчыкам прадалі, грошы атрымалі, але сацыяльная аб'екты пабудаваць «забыліся». Гэта пры тым, што ў кошты будаўніцтва ўжо закладзеныя выдаткі на сацыяльную інфраструктуру (дзіцячыя садкі / школы / паліклініка). Гэта значыць, што ў кошце квадратнага метра жылля, якую заплацілі жыхары новага мікрараёна ўжо ўключаная паліклініка, якой да гэтага часу няма...

І вось, у гэтым годзе за 500 метраў ад пусткі, дзе павінна быць паліклініка для людзей, чыноўнікі пабудавалі ... трыумфальную арку для Пуціна, які прыязджае ў Магілёў праз месяц. Кошт бетоннай аркі 750.000$!

Гэта арка амаль на мільён даляраў насупраць пусткі, дзе павінна была быць пабудавана паліклініка - не проста сімвал карупцыі і лаяльнасці мясцовых беларускіх «губернатараў» да кіраўніка суседняй краіны. Арка - гэта помнік беларускаму чыноўніку, а калі больш дакладна, то самая дарагая і самая яркая манументальная ілюстрацыя 20-гадовай эпохі кіравання беларускай вертыкалі ўлады, яе стаўлення да патрэбаў простых беларусаў.

Вось так у Магілёве будавалі трыумфальную арку для Пуціна, а пабудавалі помнік беларускаму чынавенству.

P.S. Будзем патрабаваць праверкі законнасці выдаткавання сродкаў для будаўніцтва гэтага "знака асаблівай увагі" кіраўніку суседняй дзяржавы. Будзем дамагацца праверкі будаўнічай дакументацыі на прадмет штучнага завышэння кошту будаўніцтва.

Усіх жыхароў Магілёва заклікаю далучыцца да кампаніі беларускіх хрысціянскіх дэмакратаў, якую вядуць у Магілёве Вікторыя Шавялевіч і Алег Аксёнаў "За якасную і даступную медыцыну для ўсіх". Таксама прашу паведамляць нам пра факты карупцыі мясцовых чыноўнікаў па ўсёй Беларусі. Толькі дзейнічаючы разам, мы зможам прымусіць уладу выконваць патрабаванні людзей.

Навіны па тэме