Дзяніс Урбановіч: мяне падтрымлівае вера ў Бога

01 кастрычніка 2018 08:51  |  Галоўныя навіны

Дзяніс Урбановіч: мяне падтрымлівае вера ў Бога

 

Прэс-служба БХД працягвае серыю інтэрв’ю пра ўдзельнікаў Курапацкай абароны. Сёння наш госць – адзін з лідараў Маладога Фронту Дзяніс Урбановіч, якога часта можна сустрэць на серадовай варце хрысціянскіх дэмакратаў.

Хто такі Дзяніс Урбановіч, Беларусь даведалася падчас Курапацкай варты. Скажыце, чаму Вы стаіце там чацвёрты месяц?

Пра Курапаты я даведаўся ад свайго настаўнiка ЎладзiмiраПалупанава, ён жа мне i распавёў, што там расстраляны мой сваяк Казiмiр Гладкi. З часам я даведаўся пра ўсё, i пра абарону Курапатаў у 2001-2002 гадах. На гэты момант я лiчу, што баранiць гэтае святое месца- мой абавязак. Як беларус я павiнен быць там у небяспечную хвiлiну. У 2017 годзе я не змог прыняць удзел у абароне Курапатаў, бо адбываў пакаранне, i моцна перажываў, што і як будзе далей. Зараз я буду стаяць столькi, колькi прыйдзецца, я поўнасцю гатовы ахвяраваць сабой дзеля гэтай святой справы.

Многіх уразілі Вашы ахвярныя акцыі “Кабак НКУС зачынены”, “Байкот Гранд Кушавелю”, “За вольныя выбары”. Распавядаюць, што нават падчас адсідак Вы змагаецеся з сістэмай прамовамі ды галадоўкамі. Адкуль такі характар?

З такой сiстэмай, якая зараз у нашай краiне, змагацца можна толькi з цвёрдым характарам. Мяне падтрымлівае вера ў Бога. Я веру ў будучыню Беларусі, у адраджэнне беларушчыны. Таму пры кожным моманце, дзе б я не знаходзiўся, я спрабую хоць нешта зрабiць, змагацца рознымі шляхамi, якімі толькі магчыма.

Распавядзіце, калі ласка, пра сябе.

Нарадзiўся i жыву я ў Лагойскiм раёне, у весцы Мiхалкавiчы, у хаце сваiх сваякоў Язэпа, Казiмiра Гладкiх, беларускiх асьветнiкаў. Вучыўся у беларускай школе у вёсцы Корань. Скончыў 11 класаў, потым пайшоў вучыцца у МДПТУ у Менску. Заўсёды цiкавiўся гiсторыяй свайго краю i Беларусi. У жыццi я вельмi ўдзячны свайму бацьку Iосiфу Iосiфавiчу, а таксама настаўнiку Уладзiмiру Васiльевiчу Палупанаву, якi мяне заўсёды вучыў любiць сваю Радзiму, мову i баранiць пры небяспецы. Прымаў удзел у акцыях апазіцыi, у партыях я не быў. У 2015 годзе мяне i майго сярэдняга брата асудзiлi па артыкулах 370 i ч. 2 арт. 339. за нашу акцыю супраць фальсіфікацыі выбараў, мне далi 2 гады спецкамендатуры, а брату 1,6 гады. Пасля выхаду я зноў прымаў удзел у акцыях.

Вы ўжо зараз – адзін з лідараў Маладога Фронту – руху, заснаванага на хрысціянскіх каштоўнасцях. Чаму далучыліся менавіта да МФ?

Мяне заўсёды цiкавiла нацыянальная iдэя, i як прыцягнуць моладзь да беларускага руху – каб не згубiць нашы нацыянальныя каштоўнасцi, мову, культуру. Моладзь нясе адказнасць за лёс сваёй краiны. Зрабiць моцнае нацыянальнае пакаленне. Таму Малады Фронт мне найбольш блiзкi па духу, па мэтах. Таму я абраў Малады Фронт.

Як Вы лічыце, чаго зараз не хапае беларускаму народу? Апазіцыі?

Народу не хапае смеласцi i адказнасцi за сваю краiну. Сiстэма знішчыла ўсё, таму свае жыццё наш народ абраў сам сабе. Апазіцыя: на гэты момант большая частка людзей не падтрымлівае апазіцыю, таму што кожная партыя цягне на сябе коўдру. Толькi калi аб’яднаемся, зробiм адзiны кулак, тады можна выступiць. Можна будзе вылучыць адзiнага кандыдата. Вось, можа, тады будзе сапраўдным крокам, i народ зразумее i падтрымае.

Якія тры першыя пастановы Вы б прынялі, калі б Вас абралі прэзідэнтам Беларусі?

Па-першае – гэта аднаўленне нашай нацыянальнай сімволiкi, гiмна. Па-другое, узмацнiць мяжу з Расеяй. Па-трэцяе, ператварыць у Беларусь у парламенцкую рэспублiку.

У Вас ёсць магчымасць звярнуцца да чытачоў нашага сайту. Што б Вы хацелі ім сказаць?

Па першае ,трэба паважаць адзiнаднаго. Падтрымліваць, i паспрабаваць яшчэ раз аб’яднацца. Свабода, перамога сама не прыйдзе, яе трэба здабыць, наколькі магчыма мiрна, але калi спатрэбiцца – то i ўступiць у бой. Усiм дзякуй! Жыве Беларусь!

Болей навін