БХД дапускае і ўдзел, і байкот, і вылучае Севярынца на праймерыз

07 кастрычніка 2018 13:00  |  Галоўныя навіны

БХД дапускае і ўдзел, і байкот, і вылучае Севярынца на праймерыз

 

Нацыянальная рада Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі прыняла рашэнне адносна стратэгіі на бліжэйшыя палітычныя кампаніі – 2019 і 2020 гады.

У дакуменце, зацверджаным БХД, дапускаецца і ўдзел сябраў партыі ў “парламенцкай” ды “прэзідэнцкай” кампаніях, і байкот ці ігнор гэтых кампаніяў.

Акрамя таго, БХД пастанавіла ўдзельнічаць у правацэнтрысцкіх праймерыз для вызначэння адзінага лідара на “прэзідэнцкую” кампанію. 

Нацыянальная рада большасцю галасоў вылучыла ад БХД для ўдзелу ў праймерыз Паўла Севярынца. Канчатковае зацвярджэнне партыйнага кандыдата пройдзе пасля прыняцця працэдуры праймерыз.

Тэкст рашэння Нацыянальнай рады БХД:

РАШЭННЕ НАЦЫЯНАЛЬНАЙ РАДЫ БЕЛАРУСКАЙ ХРЫСЦІЯНСКАЙ ДЭМАКРАТЫІ АДНОСНА ПАЛІТЫЧНЫХ КАМПАНІЯЎ 2019-2020

Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя заяўляе, што анансаваныя Лідзіяй Ярмошынай  “парламенцкія і прэзідэнцкія выбары” насамрэч не з’яўляюцца свабоднымі і сумленнымі выбарамі. Адсутнасць зменаў у выбарчае заканадаўства і шматгадовая практыка татальных фальсіфікацыяў ужо зараз дазваляюць зрабіць выснову, што рыхтуюцца чарговыя спектаклі з прызначэннем “дэпутатаў” і “прэзідэнта”.

Адной з асноўных задач падчас кампаніяў 2019-20гг БХД бачыць данясенне да грамадзян краіны інфармацыі пра сістэму масавых фальсіфікацый і адсутнасці ў Беларусі свабодных выбараў. Разам з партнёрамі, у рамках кампаніі “Права выбару”, БХД арганізоўвае сістэму незалежнага назірання.

Шэраг сяброў БХД гатовыя вылучацца ў якасці прамоўцаў (“кандыдатаў”), каб выкарыстаць “парламенцкую” кампанію дзеля легальнай камунікацыі з жыхарамі, правядзення пікетаў, узмацнення мясцовых кампаній, арганізацыі назірання ды выкрыцця фальсіфікацыяў.

Разам з тым, сярод сябраў і прыхільнікаў БХД ёсць і тыя, хто схіляюцца да байкоту ці ігнаравання “выбараў”. У гэтай сітуацыі партыя падтрымлівае ўсе формы пратэсту супраць несвабодных і несумленных выбараў. БХД падтрымае і тых, хто сваім вылучэннем прадстаўляе альтэрнатыву прызначэнню, і тых, хто выступае супраць самой кампаніі фальсіфікацыяў пад назвай “парламенцкія і прэзідэнцкія выбары”.

Такім чынам, палітычная платформа БХД у 2019-2020 гг. – змаганне за свабодныя і справядлівыя выбары, данясенне інфармацыі пра фальсіфікацыі і прадстаўленне альтэрнатывы рэжыму ўсімі магчымымі спосабамі.

Што тычыць “прэзідэнцкай кампаніі”, то яна, нягледзячы на зрэжысіраваны характар, прадстаўляе рэальную магчымасць змены ўлады ў выпадку непрадбачаных сацыяльных узрушэнняў, знешняга ўмяшальніцтва альбо збояў унутры сістэмы (здароўе правіцеля, палацавы пераварот і да т.п). Дэмакратычныя сілы абавязаныя быць гатовымі да такога сцэнару развіцця падзеяў – і дзеля гэтага БХД лічыць неабходным аб’яднанне апазіцыі вакол каманды пераменаў.

Каб прадставіць персанальную альтэрнатыву рэжыму, мы лічым патрэбным разам з партнёрамі па правацэнтрысцкай кааліцыі правесці ў Беларусі шырокую кампанію праймерыз і вызначыць адзінага прамоўцу падчас “прэзідэнцкай кампаніі” – гатовага як да ўдзелу, так і да байкоту (у выпадку узмацнення рэпрэсіяў ці нерэгістрацыі адзінага).

Такім чынам, БХД прымае ўдзел у праймерыз правацэнтрыстаў. У якасці партыйнага кандыдата для ўдзелу ў праймерыз БХД вылучае Паўла Севярынца. Пасля прыняцця працэдуры праймерыз БХД зацвярджае партыйнага кандыдата на Нацыянальнай радзе.

Мы заклікаем усіх неабыякавых грамадзян Беларусі, незалежна ад абранай формы пратэсту супраць несвабодных і несправядлівых выбараў, далучацца да кампаніі “Права выбару”, каб разам фіксаваць парушэнні, супрацьдзейнічаць фальсіфікацыям і змагацца за свабодныя і справядлівыя выбары.

Жыве Беларусь – з Богам!

Менск, 6 кастрычніка 2018 года

Болей навін