БХД умацоўвала супрацу з украінскімі партыямі ў Львове

16 кастрычніка 2018 12:08  |  Палітыка

БХД умацоўвала супрацу з украінскімі партыямі ў Львове

 

Прадстаўнікі Беларускай хрысціянскай дэмакратыі на чале з сустаршынёй Вольгай Кавальковай і лідарам Маладых хрысціянскіх дэмакратаў Марынай Хоміч 12-14 кастрычніка ўзялі ўдзел у сумесных мерапрыемствах у Львове са сваімі ўкраінскімі партнёрамі  – прадстаўнікамі партый ДэмАльянс і “Самапомач”.

Сябры БХД падчас мерапрыемстваў азнаёміліся з асаблівасцямі дзейнасці ўкраінскіх партый, а таксама распавялі пра ўмовы палітычнай і грамадскай дзейнасці ў Беларусі, у якіх працуюць беларускія хрысціянскія дэмакраты.

“Падобныя сустрэчы з украінскімі партнёрамі вельмі важныя для нас. Яны не толькі даюць вельмі важныя тэарэтычныя і практычныя веды, але дазваляюць лепш зразумець цяжкасці, з якімі можа сутыкнуцца Беларусь у перыяд трансфармацыі. З другога боку ўсё больш украінцаў пачынаюць лепш разумець беларускую сітуацыю, перастаючы верыць у многія міфы, якія дагэтуль існуюць ва Украіне адносна нашай краіны”, – адзначыла Вольга Кавалькова.

«Спадзяюся, мы працягнем наша супрацу ў будучыні на ўзроўні моладзевых арганізацый, бо мы сапраўды маем шмат супольнага. Мне ж, як аднаму з арганізатараў, надзвычай прыемна мець дачыненне да такога захаду», – падкрэсліў генеральны сакратар Моладзі Дэмакратычнага альянсу Даніла Літвіненка.

Болей навін