Бэла Дашкіна: мы супраць крыві рэвалюцыі 7 лістапада, мы за ўшанаванне продкаў 2 лістапада (відэа)
2 лістапада, на Дзяды, гарадзенская актывістка Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Бэла Дашкіна выступіла з відэазваротам, у якім заклікала грамадзян Беларусі падтрымаць кампанію за тое, каб 2 лістапада было абвешчана выходным днём.
Яна нагадала, што свята Дзяды – з’яўляецца як беларускім народным, гэтак і хрысціянскім святам ушанавання продкаў. Каб беларусы маглі ў вольны ад працы час наведаць магілы сваіх сваякоў і продкаў і ўшанаваць іх памяць, і прапануецца зрабіць 2 лістапада выходным.
Разам з тым дзень бальшавіцкай рэвалюцыі, які святкуецца ў Беларусі 7 лістапада, прапануецца пазбавіць статусу выходнага дня, бо ён прапануе гвалт, кроў, разбурэнні. “Мы супраць гэтага. Мы за сямейныя каштоўнасці, за мірную і квітнеючую Беларусь. За тое, каб людзі маглі наведаць і ўшанаваць магілы сваіх продкаў, каб гэты дзень быў выходны”, – адзначыла актывістка і заклікала далучацца да кампаніі.