Еўрапейская народная партыя прыняла рэзалюцыю ў абарону СМІ і журналістаў Беларусі
Толькі што на Кангрэсе Еўрапейскай народнай партыі прынятая рэзалюцыю па Беларусі, якая патрабуе спыніць рэпрэсіі ў дачыненні СМІ і журналістаў ды заклікае Еўрасаюз перагледзець прыярытэты дыялогу з Беларуссю. У рэзалюцыі ўзгаданыя прозвішчы беларускіх журналістаў, што знаходзяцца пад крымінальным пераследам, а таксама палітвязень Міхаіл Жамчужны з патрабаваннем вызваліць усіх палітвязняў.
Рэзалюцыя падрыхтаваная Беларускімі хрысціянскімі дэмакратамі супольна з Правацэнтрысцкай кааліцыяй.
Прыняцце рэзалюцыі пракаментаваў сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі, які прымае ўдзел у Палітычнай асамблеі, кангрэсе і саміце Еўрапейскай народнай партыі.
“Адкрытасць ЕС да Беларусі, дыялог – надзвычай важна. Але не менш важна тое, якія пытанні стаяць першымі ў парадку дня. На жаль, беларускія ўлады ўспрымаюць адкрытасць ЕС як магчымасць беспакарана працягваць рэпрэсіі, знішчаць незалежную грамадзянскую супольнасць і прэсу. Абарона незалежных СМІ Беларусі – гэта пытанне першачарговай важнасці, і сённяшняя рэзалюцыя – важны крок у гэтым кірунку. Важна таксама патрабаванне перагляду прыярытэтаў супрацоўніцтва з Беларуссю. Беларускія ўлады хочуць ад ЕС толькі эканамічнай падтрымкі. Але эканоміка не можа паспяхова працаваць, калі ў краіне няма справядлівых незалежных судоў. А пакуль у Беларусі няма свабодных выбараў – карупцыю, гвалт і беззаконне не спыніць.
У рэзалюцыі адзначаецца, што першачарговымі пытаннямі ў парадку дыялогу паміж Беларуссю і ЕС павінны быць рэформа выбарчай і праваахоўнай сістэм.
Улічваючы тое, што практычна ўсё кіраўніцтва ЕС – прадстаўнікі ЕНП, прынятая рэзалюцыя вельмі важная для вызначэння палітыкі ЕС у адносінах да нашай краіны.
Наперадзе – удзел у Саміце Еўрапейскай народнай партыі, дзе будзе магчымасць абмеркаваць сітуацыю ў Беларусі са спадарыняй Меркель і іншымі лідарамі ЕНП”.
Тэкст рэзалюцыі resolution-2018.doc