У Віцебску адчынілі дзіцячы садок, якога тры гады дамагаліся актывісты БХД

08 лістапада 2018 18:18  |  Грамадства

У Віцебску адчынілі дзіцячы садок, якога тры гады дамагаліся актывісты БХД

 

У Віцебску 6 лістапада быў адчынены трэці па ліку ў мікрараёне Білева дзіцячы садок, за які яшчэ з 2014 года рупіліся сябры аргкамітэта БХД і мясцовыя жыхары.

“Садок на 200 дзяцей, якіх у Білеве амаль 10000. Так што гэты садок, як кажуць, слану драбіна. Тым не менш усе: і бацькі дзетак садковага ўзросту – 200 шчасліўчыкаў, і чыноўнікі – былі вельмі радыя”, – адзначыла каардынатар БХД Таццяна Севярынец.

Паводле яе, садок выглядае прыгожа, праект добры, нават з басейнам. “Але тое, што гэта даўгабуд, што пад тынкоўкай сцены садка з чырвонай цэглы, а, па сведчаннях спецыялістаў, чырвоная цэгла назапашвае вільгаць, якая ў хуткім часе выесць цвіль з-пад тынкоўкі, выклікае разам з радасцю і непакой”, – заявіла яна.

Амаль насупраць садка будуецца нарэшце і школа, заканчэнне якой плануецца на 2020 год, катлаван пад якую быў вырыты ў 2010-м годзе быў выкапаны катлаван, прывезены пліты і блокі, і пасля ўсё было закінута было больш як на 6 гадоў. “Пліты і блокі з часам прыйшлі ў непрыгоднасць, у катлаване загінуў  у чэрвені 2016-га года сямігадовы хлопчык. І толькі калектыўны зварот сябраў аргкамітэта БХД у розныя кантралюючыя органы прымусіў выканкам спачатку закапаць гэты катлаван, а потым зноўку выкапаць і пачаць будаўніцтва”, – падкрэсліла Таццяна Севярынец.

Абяцаюць у Білеве-3 яшчэ адну школу, на месцы возера, якое, нягледзячы на пратэсты месцічаў і прапанову зрабіць вакол возера зону адпачынку для білеўцаў, засыпалі. “ Нейкія ў нас чыноўнікі з вялікай фантазіяй”, – дадала каардынатар БХД.

Болей навін