У Бабруйску збіраюць подпісы за будаўніцтва сучаснай дзіцячай бальніцы (відэа)
У Бабруйску Беларускія хрысціянскія дэмакраты збіраюць подпісы за тое, каб у горадзе была пабудаваная сучасная дзіцячая бальніца. У сувязі з гэтым з відэазваротам выступіла бабруйская актывістка БХД Ганна Ліннік.
Паводле яе, размовы пра рэканструкцыю дзеючай дзіцячай бальніцы ідуць ужо дзевяць гадоў, але нічога зроблена не было. За гэты час стан бальніцы толькі пагоршыўся. Актывістка адзначыла, што на рэканструкцыю бальніцы замест 8 млн рублёў было вылучана толькі 200 тыс. рублёў.
“Нам, нашаму гораду, нашым дзецям, нашым унукам проста неабходная сучасная дзіцячая бальніца. Мы разам з вамі можам прымусіць чыноўнікаў прыслухацца да меркавання жыхароў нашага гораду і раёну”, – адзначыла Ганна Ліннік.
Яна таксама анансавала правядзенне ў Бабруйску круглага стала па пытанні будаўніцтва сучаснай дзіцячай бальніцы.