У Магілёве адкрылася грамадская прыёмная БХД (відэа)
У Магілёве Беларускія хрысціянскія дэмакраты пры падтрымцы члена Палаты прадстаўнікоў Ганны Канапацкай адкрылі грамадскую прыёмную.
Нагадаем, што абласны кіраўнік хрысціянскіх дэмакратаў Алег Аксёнаў узначаліў кампанію па зніжэнні аплаты пражывання ў інтэрнаце. У Беларусі плата за пражыванне ў інтэрнатах павысілася ў некалькі разоў паўгады таму і многія адзінокія пенсіянеры, малазабяспечаныя сем’і вымушаныя плаціць больш за палову свайго месячнага даходу за аплату пражывання і камунальныя паслугі.
У мінулыя выходныя адбылася сустрэча жыхароў гораду з сустаршынёй БХД Віталём Рымашэўскім і дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Ганнай Канапацкай, падчас якой былі перададзеныя зварот грамадзян з просьбай дапамагчы знізіць надмерна высокую аплату за пражыванне ў інтэрнатах. Таксама абмяркоўваліся іншыя праблемныя пытанні для жыхароў Магілёва.
Віталь Рымашэўскі: “Зараз у Магілёве ёсць грамадская прыёмная – тое месца, куды можа прыйсці любы гараджанін або група людзей са сваімі праблемамі, і мы будзем дапамагаць разам іх вырашаць. Пры гэтым важна разумець, што ва ўмовах сённяшняй сістэмы ўлады ў нашай краіне змяніць умовы жыцця людзей можна толькі, сумесна аб’яднаўшыся ў рамках грамадскай кампаніі ў падтрымку патрабаванняў грамадзян. У адваротным выпадку беларускія чыноўнікі амаль заўсёды бываюць глухія да просьбаў і патрабаванняў грамадзян. Задача працы такіх грамадскіх прыёмных хрысціянскіх дэмакратаў у тым, каб дапамагаць людзям сумесна дабівацца абароны іх правоў на паляпшэнне ўмоў жыцця. Я ўпэўнены, што мы даможамся паніжэння платы за пражыванне ў інтэрнатах, бо дзеянні рэгіянальных выканкамаў неадэкватныя. Такія рашэнні ўганяюць людзей у галечу ў літаральным сэнсе гэтага слова. Мы не павінны гэтага дапусціць».
Прыёмная працуе па адрасе вул. Ленінская, буд. 29, офіс БХД шточацвер з 17:00 да 20:00.