Правацэнтрысцкая кааліцыя патрабуе спыніць рэпрэсіі ў дачыненні да прэс-сакратара АГП Ганны Красулінай
Правацэнтрысцкая кааліцыя заклікае беларускую грамадзянскую супольнасць і міжнародныя арганізацыі да салідарнасці з Ганнай Красулінай. Прынята сумесная заява, у якой адзначаецца, што «высылка прэс-сакратара Ганны Красулінай – гэта палітычная расправа, парушэнне правоў чалавека і міжнародных абавязацельстваў Рэспублікі Беларусь, а ўлічваючы падзел сям’і – антыгуманны і бесчалавечны ўчынак».
Правацэнтрысцкая кааліцыя Беларусі патрабуе неадкладна спыніць рэпрэсіі ў дачыненні да прэс-сакратара Ганны Красулінай і адмяніць рашэнне аб яе высылцы.
Правацэнтрысты заклікаюць арганізацыі грамадзянскай супольнасці да салідарнасці і далучыцца да пратэсту супраць высылкі Ганны Красулінай з краіны. Таксама ў заяве ўтрымліваецца заклік да міжнароднай супольнасці неадкладна адрэагаваць на гэты абуральны факт палітычных рэпрэсій у дачыненні да апазіцыйнай партыі і апанентаў дзеючага рэжыму.
Заяву падпісалі Мікалай Казлоў (Аб’яднаная Грамадзянская Партыя), Віталь Рымашэўскі (Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя) і Юрась Губарэвіч (Рух “За Свабоду”).
Адзін з падпісантаў заявы, сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі адзначыў: “Мяркую, што гэта помста з боку ўладаў за скаргі ў ААН. Разбураць сям’ю з-за трох адміністрацыйных правапарушэнняў – гэта проста бязмежжа і нялюдскасць, якая не мае апраўдання. Улады проста не разумеюць, што не толькі заходнія дыпламаты, але і простыя грамадзяне Беларусі бачаць і асуджаюць гэта паскудства.
Улічваючы той факт, што абодва выпадкі штрафаў па арт. 23.34 былі абскарджаны ў судах, і абедзве справы ў дадзены момант прынятыя да разгляду ў камітэце па правах чалавека ААН, я мяркую што гэта помста з боку ўладаў за скаргі ў ААН.
Спыніць гэта можна толькі кампаніяй салідарнасці. Заклікаю ўсіх неабыякавых падтрымаць Ганну і выказаць пратэст дзеянням улады”.
Заява
Правацэнтрысцкай кааліцыі Беларусі
Высылка прэс-сакратара Аб’яднанай грамадзянскай партыі Ганны Красулінай – гэта палітычная расправа, парушэнне правоў чалавека і міжнародных абавязацельстваў Рэспублікі Беларусь, а ўлічваючы падзел сям’і – антыгуманны і бесчалавечны ўчынак.
За ўсе 16 гадоў пражывання Ганны Красулінай ў Рэспубліцы Беларусь – у яе назапасілася тры адміністрацыйныя правапарушэнні:
1) 2016/08/19 – арт. 23.34 (удзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах) – штраф аплочаны. Штраф атрыманы ў перыяд выбарчай кампаніі ў парламент, падчас пікету па зборы подпісаў за кандыдата ад АГП Мікалая Казлова (сёння ён выконвае абавязкі старшыні партыі)
2) 2017/04/21 – арт. 23.34 (удзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах) – штраф аплочаны. Штраф за тое, што, сустракаючы з СІЗА актывістаў, што адседзелі пяць сутак за ўдзел у Дні Волі 25 сакавіка, Ганна разгарнула бел-чырвона-белы сцяг.
3) 2018/03/23 – ст. 18.30 ч.1 (безбілетны праезд у грамадскім транспарце) – штраф аплочаны на месцы.
Улічваючы, што з моманту здзяйснення першых двух правапарушэнняў прайшло ўжо больш за 1 год, яны лічацца згашанымі. Такім чынам, дзеючым застаецца толькі адміністрацыйнае правапарушэнне – праезд у аўтобусе без квітка, прычым штраф тут жа на месцы аплочаны.
А таксама ўлічваючы тое, што накладзеныя штрафы за ўдзел у мірных акцыях пратэсту з’яўляюцца самі па сабе грубым парушэннем правоў чалавека з боку беларускіх уладаў. Абодва выпадкі штрафаў па арт. 23.34 былі абскарджаны ў судах, і абедзве справы ў дадзены момант прынятыя да разгляду ў камітэце па правах чалавека ААН.
Адзначаючы, што Ганна Красуліна з’яўляецца ключавой фігурай у забеспячэнні інфармацыйнай дзейнасці АГП, асабліва напярэдадні маючай адбыцца ў бліжэйшы час выбарчай кампаніі,
Правацэнтрысцкая кааліцыя Беларусі
1. Патрабуе неадкладна спыніць рэпрэсіі ў дачыненні да прэс-сакратара АГП Ганны Красулінай і адмяніць рашэнне аб яе высылцы, якое з’яўляецца незаконным і палітычна матываваным.
2. Заклікае беларускія арганізацыі грамадзянскай супольнасці, дэмакратычныя палітычныя партыі і ўсіх неабыякавых грамадзян праявіць салідарнасць і далучыцца да пратэсту супраць высылкі Ганны Красулінай з краіны.
3. Заклікае міжнародную супольнасць неадкладна адрэагаваць на гэты абуральны факт палітычных рэпрэсій у дачыненні да апазіцыйнай партыі і апанентаў дзеючага рэжыму.
Мікалай Казлоў, Аб’яднаная Грамадзянская Партыя
Віталь Рымашэўскі, Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя
Юрась Губарэвіч, Рух “За Свабоду”