Сябры БХД перадалі подпісы супраць будаўніцтва новага Палацу шлюбу ў Віцебску

24.11.2018, 12:17  |  Навіны » Грамадства

Сябры БХД перадалі подпісы супраць будаўніцтва новага Палацу шлюбу ў Віцебску

 

Актывісты аргкамітэта БХД, сябры ініцыятыва "Віцебск - горад наш", 23 лістапада перадалі подпісы пад калектыўным зваротам супраць будаўніцтва Палаца шлюбу ў гістарычнай зоне Віцебска ў гарвыканкам, УКБ, адміністрацыю Чыгуначнага раёна. 

У звароце звяртаецца ўвага, што гэты будынак не з'яўляецца неабходным, своечасовым пры наяўнасці шматлікіх сацыяльных праблем у абласным цэнтры. Акцэнт робіцца і на тое, што будаўніцтва Палаца назаўсёды пазбавіць гістарычнай каштоўнасці месца Ніжняга замка старажытнага горада, якое знаходзіцца пад аховай дзяржавы. “У звароце гучыць прапанова і аб іншым месцы, калі так ужо гарадскім уладам карціць той Палац”, - адзначыла каардынатар БХД Таццяна Севярынец.

Подпісы збіраліся на вуліцах горада і па кватэрах. “Тыя, хто ўсведамляе сябе віцяблянінам і чалавекам неабыякавым, ставілі свае подпісы і вельмі абураліся рашэннем віцебскіх чыноўнікаў згубіць яшчэ адно з рэдкіх месцаў даўніны”, - заявіла актывістка.

Зараз месцічы чакаюць прызначэння сходу, каб выказаць замоўшчыкам у твар сваё меркаванне наконт плануемай забудовы. 

Раней свае запісы сябры ініцыятывы пакінулі ў сшытку заўваг для грамадскага абмеркавання, які знаходзіцца ў фае УКБа, 5-ы паверх, Шубіна,5 (насупраць Пакроўскага сабора, абласнога суду).

Навіны па тэме