Ганна Ліннік атрымала адказ: Дзіцячая бальніца павінна пераехаць у радзільню да 1 снежня

28.11.2018, 14:46  |  Навіны » Грамадства

Ганна Ліннік атрымала адказ: Дзіцячая бальніца павінна пераехаць у радзільню да 1 снежня

 

А для дзяцей «з прастудай» выдзеляць паверх у інфекцыйнай бальніцы.

Пра хуткі пераезд распавяла актывістцы БХД, Ганне Ліннік намеснік галоўнага лекара дзіцячай бальніцы па медыцынскай частцы Іна Аляксандраўна Воранава.

Цяпер у лякарні ідзе актыўная падрыхтоўка да пераезду. Ужо ў снежні, па словах Іны Аляксандраўны, абяцалі пачаць рамонт. Колькі ён працягнецца - пакуль не вядома. Намеснік галоўнага ўрача запэўнівае, што ў выніку рэканструкцыі ў лякарні будуць створаны самыя лепшыя ўмовы для дзяцей.

Ганна Ліннік, бабруйчанка, актывістка БХД, вырашыла сустрэцца з адміністрацыяй установы аховы здароўя, каб пагаварыць пра сваю ініцыятыву па зборы подпісаў за будаўніцтва новай бальніцы. Па словах Ганны, намеснік галоўнага ўрача нічога не мае супраць яе кампаніі, але прасіла гэта рабіць акуратна, каб не перашкаджаць бальніцы.

Ганна Ліннік лічыць, што гораду патрэбна менавіта новая дзіцячая бальніца, і што рамонт існуючай праблему не вырашыць, хоць бы таму, што яе плошчаў не хапае, і дзецям часта даводзіцца ляжаць на калідоры. За тыдзень было сабрана больш за 150 подпісаў.

Бабруйская дзіцячая бальніца была пабудавана ў 1963 годзе. Разлічана яна на 150 ложка-месцаў. Адзіны рамонт у ёй быў праведзены ў 80-х гадах мінулага стагоддзя.

У мінулым годзе бабруйскія ўлады абвясцілі дабрачынны марафон па зборы сродкаў на рэканструкцыю бальніцы. У выніку сабралі каля 300 тысяч беларускіх рублёў. Яшчэ каля 200 тысяч было выдзелена з бюджэту. «Беларусбанк» ахвяраваў 250 тысяч рублёў на куплю дзіцячага рэанімабіля.

Агульная сума, неабходная на рэканструкцыю, - 8 мільёнаў 156 тысяч беларускіх рублёў.

 

Марына Міхневіч, Бобруйский курьер

Навіны па тэме