Паўла Севярынца аштрафавалі на 1200 рублёў, Сяргея Анянкова — на 931
Актывістаў прызналі вінаватымі ў непадпарадкаваньні міліцыі (артыкул 23.4 адміністрацыйнага кодэксу). Яны ж кажуць, што непадпарадкаваньня не было.
Судзьдзя Віктар Шаўцоў паглядзеў відэаролік затрыманьня, і, не выходзячы з залі, прысудзіў Севярынцу штраф у 49 базавых велічыняў і 38 базавых — Анянкову.
Паўла Севярынца і Сяргея Анянкова затрымалі 12 сьнежня каля рэстарацыі «Поедем поедим» побач з Курапатамі. Увечары іх завезьлі ў Бараўлянскі райаддзел міліцыі і склалі пратакол за непадпарадкаваньне міліцыі. Прычым, міліцыянтаў выклікаў наведнік рэстарацыі, які туды прыяжджае часьцяком. Ён адмовіўся ўзяць буклеты пра Курапаты і пакінуць аўтамабіль на ўезьдзе, пачаў скандаліць.
Ноч Севярынец і Анянкоў правялі ў ізалятары УУС Менскага раёну на вуліцы Францыска Скарыны ў Менску.
У суд Менскага раёну іх прывезьлі толькі пасьля абеду.