Віталь Рымашэўскі: Назад у СССР. “Дармаедаў” адправяць у ЛПП

19 снежня 2018 17:18  |  Галоўныя навіны

Віталь Рымашэўскі: Назад у СССР. "Дармаедаў" адправяць у ЛПП

 

Назад у СССР. Па новым дэкрэце, “дармаедаў” будуць накіроўваць у турму (ЛПП, якія, па сутнасці, з’яўляюцца адной з формаў турэмнага зняволення). Чыноўнікі выканкамаў зараз маюць паўнамоцтвы накіроўваць непрацуючых «дармаедаў» у лагеры зняволення на прымусовую працу, у так званыя ЛПП.

Камісіі, створаныя пры выканкамах са складу чыноўнікаў і «дэпутатаў», цяпер будуць «прымаць рашэнні аб неабходнасці накіроўваць працаздольных непрацуючых грамадзян, якія вядуць асацыяльны лад жыцця, у лячэбна-працоўныя прафілакторыі з прадстаўленнем у тэрытарыяльныя органы ўнутраных спраў выпiсак з пратаколаў пасяджэнняў камісій, якія змяшчаюць адпаведныя рашэнні».

Гэта нягледзячы на ​​тое, што ў Законе аб ЛПП строга усталяваны пералік асоб, якіх могуць адправіць у ЛПП:

– хворыя на хранічны алкагалізм / наркаманію, якія на працягу года тры і больш разоў прыцягваліся да адміністрацыйнай адказнасці за ўчыненне адміністрацыйных правапарушэнняў у стане алкагольнага ап’янення;

– абавязаныя кампенсаваць расходы, затрачаныя дзяржавай на ўтрыманне дзяцей, якія знаходзяцца на дзяржаўным забеспячэнні, у выпадку сістэматычнага парушэння гэтымі грамадзянамі працоўнай дысцыпліны па прычыне ўжывання алкагольных напояў.

Гэта значыць, паводле абноўленага Дэкрэта «аб дармаедах», ЛПП становяцца не толькі месцам зняволення алкаголе- і нарказалежных, але і месцам зняволення і прымусу да працы непрацуючых грамадзян?! Гэта не толькі парушае Правы чалавека, але і супярэчыць дзеючаму Закону аб ЛПП. Але, як вядома, ва ўмовах Беларусі законы могуць мяняцца на працягу месяца, калі ёсць загад зверху.

Як было ў СССР, які так любяць успамінаць многія чыноўнікі? Пры Леніне і Сталіне асобы, «якія жылі на непрацоўныя даходы», былі пазбаўленыя палітычных правоў і падвяргаліся рэпрэсіям. Ленін наўпрост заклікаў да расстрэлаў для «кантролю за … дармаедамі – расстраляюць на месцы, аднаго з дзесяці, вінаватых у дармаедстве».

У 1951 году калі непрацуючы трапляўся другі раз – адпраўлялі ў калонію на 1 год, а калі арыштаваны ўпершыню – высылалі за 101-ы кіламетр.

З 1961 года каралі прымусовымі працамі ад 2 да 5 гадоў у ссылцы.

У дармаеды запісвалі вернікаў, дысідэнтаў, інвалідаў вайны…

У 1951 годзе было затрымана 107 тысяч «паразітаў», у 1952 году – 156 тысяч, у 1953 годзе – 182 тысячы. Сярод іх: убогія і інвалідаў вайны (!!!) і працы складалі 70%. Менавіта ў гэты час з вуліц «зніклі» ветэраны-калекі, якіх адпраўлялі ў закрытыя ўстановы паміраць у жудасных умовах.

Самы вядомы дармаед часоў СССР – нобелеўскі лаўрэат, паэт Іосіф Бродскі. Пасля маштабнага цкавання ў газетах ён ледзь не памёр у камеры ад сардэчнага прыступу, затым быў арыштаваны і адпраўлены ў ссылку на прымусовыя работы на 5 гадоў.

Для таго, каб пазбегнуць лёсу Бродскага, многія вымушаныя былі шукаць месцы, якія дазвалялі атрымаць запіс у працоўнай, але не прадугледжвалі сур’ёзнай занятасці. Сярод іх: Віктар Цой, Аляксандр Башлачоў, Пётр Мамонаў.

У Беларусі ўсё паўтараецца да люстранасці. Калі б не масавыя пратэсты вясны 2017 года, то, як і ў СССР, у дармаеды запісалі б сотні тысяч самых абяздоленых, абкрадзеных партыйнай наменклатурай / ідэалагічнай вертыкаллю і чыноўнікамі людзей, інтэлігенцыю.

Масавыя стыхійныя пратэсты спынілі беззаконне. Але толькі на час і не для ўсіх.

Дэкрэт у новай форме дазваляе кідаць людзей у канцлагеры, якімі, па сутнасці, з’яўляюцца беларускія ЛПП. Нагадаю, што ў нацысцкай Германіі ў гета габрэяў таксама спачатку проста прымушалі працаваць.

Будзем трываць?

Стыхійныя пратэсты – дзейсная крайняя мера, даведзеных да адчаю людзей. Як бачым, яны могуць часова спыніць беззаконне, але не змяняюць сітуацыю ў прынцыпе. Для змены сістэмы неабходная арганізаваная барацьба за свае правы. Калі ў незалежных арганізацыях будзе не некалькі тысяч, а сотні тысяч беларусаў па ўсёй краіне – тады, праз агульнанацыянальныя кампаніі, мы зможам абараніць правы ўсіх грамадзян і дамагчыся свабодных і справядлівых выбараў.

Беларусам трэба навучыцца быць салідарнымі, змагацца за правы адзін аднаго, інакш карумпаваная сістэма працягне рабаваць і пазбаўляць будучыні наш народ.

Не чакайце, пакуль улады абрабуюць вас асабіста! Далучыцца да грамадскай арганізацыі, партыі, прафсаюзу ці проста аказаць ім пасільную падтрымку – пасільны і неабходны крок, які трэба зрабіць кожнаму.

Віталь Рымашэўскі

Болей навін