Не сядзеў «нармальна»: з залы суда выгналі Віталя Рымашэўскага

20 снежня 2018 16:23  |  Галоўныя навіны

Не сядзеў «нармальна»: з залы суда выгналі Віталя Рымашэўскага

 

Суддзя Цэнтральнага раёна падчас паседжання па пазове УКБ аб высяленні сям’і Плаксёнак з прыватнага дома на беразе вадасховішча Дразды перапыніла пасяджэнне за тое, што прысутны на судзе сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі сядзеў, закінуўшы нагу на нагу, і выгнала яго з залы суда.

«Суддзя моцна нервавалася, ёй было непрыемна, што на пасяджэнні прысутнічаю я, а таксама Юрась Губарэвіч. Баялася, што яе будуць здымаць і фатаграфаваць. Я быў на многіх беларускіх судах бачыў розныя паводзіны суддзяў, але беларускія суддзі не перастаюць шакаваць. Суддзя некалькі разоў папярэдзіла аб тым, каб не вялася відэаздымка, спытала чаму ў руках мабільныя тэлефоны, затым пачала патрабаваць сесці «нармальна». Пры гэтым што значыць «нармальна», адказаць не змагла», – адзначыў Віталь Рымашэўскі.

Датычна праблемы бяспраўя уласнікаў прыватных дамоў і кватэр сустаршыня БХД заклікаў усіх неабыякавых грамадзян арганізаваць агульнанацыянальную кампанію за правы ўладальнікаў кватэр і прыватных дамоў.

«Незаконнае адабранне дамоў, ушчыльненне і без таго перанаселенага Мінска, здзекліва маленькая кампенсацыя за адабранае жыллё – з гэтымі праблемамі беларусы сутыкаюцца не першы год. Але вырашыць іх можна, толькі аб’яднаўшыся разам і ў маштабах сталіцы, і ў маштабах усёй краіны. Прыйшоў час запатрабаваць ад чыноўнікаў паважаць правы простых грамадзян-уладальнікаў жылля. Чыноўнікі крадуць, будуюць за народныя грошы велізарныя катэджы. Але ім гэтага мала – яны яшчэ імкнуцца адабраць у грамадзян любыя ўпадабаныя ім ўчасткі зямлі, дамы, бізнес. Пара пакласці гэтаму канец”, – заявіў Віталь Рымашэўскі.

Болей навін