Павел Севярынец. Гаранты Незалежнасці
За апошнія пяць гадоў мне давялося дзясяткі разоў чуць ад сваіх сяброў, паплечнікаў, палітыкаў, дыпламатаў: акрамя Лукашэнкі, у Беларусі не засталося перашкодаў для крамлёўскага аншлюсу.
Зараз гэтая хваля дасягнула піку.
Тое, што гэты рэжым сам з дапамогай Крамля 25 гадоў расстаўляў пастку для незалежнасці, забіваў і кідаў у турмы лепшых беларусаў, нішчыў мову, культуру і парасткі грамадзянскай супольнасці, разбураў эканоміку, рабаваў народ, праядаў і раскрадаў нафтагазавую халяву – цяпер не бярэцца ў разлік.
Маўляў, Лукашэнка нарэшце “празрэў” і стаў незалежнікам. Дзяржысь, значыць, Рыгорыч, не здавай нас.
Добра. Гатовы прыняць такі паварот. Толькі пры ўмове, што “гарант” прынясе плод, варты пакаяння:
– Выступіць са зваротам, дзе шчыра скажа: прабачце, людзі, 25 гадоў вёў вас не туды – каб усе, нарэшце, зразумелі, куды мы ідзем.
– Скасуе ўсе кабальныя дамовы з Расіяй – бо нават ягоны ўрад уголас кажа, што гэта кабала.
– Адменіць дурацкі “падатак на дармаедства”, кантрактную сістэму, скарачэнні пенсійнага стажу – каб вярнуць давер беларусаў да дзяржавы. Людзі не будуць абараняць дзяржаву, якая іх душыць.
– Выпусціць палітвязняў.
– Падыме бел-чырвона-белы сцяг.
– Адчыніць Беларускіна цыянальны ўніверсітэт
– Перакрые каналы расійскай прапаганды і легалізуе “Белсат”, “Хартыю”, “Рацыю”.
– Падрыхтуецца аплаціць поўны кошт за газ, альбо купляць і везці энерганосьбіты з іншых рынкаў.
– Запросіць беларускіх дабраахвотнікаў ва Ўкраіне ўзначаліць войска, гатовае абараняць краіну ад крымскага і данбасскага сцэнару.
– Адменіць абмежаванні для дробнага і сярэдняга бізнэсу
– І, нарэшце, абвесціць вольныя выбары, у якіх не будзе прымаць удзел сам.
Вы верыце ў такія дзеянні “гаранта незалежнасці”? Нават калі Масква паставіць ультыматум і запусціць таймер?
Калі не – пара прызнаць: няма ніякіх гарантаў беларускай незалежнасці, акрамя Бога і беларускага народа. Як паказала Ўкраіна, нават “Будапешцкі мемарандум” нічога не гарантуе.
Лукашэнка можа выканаць ролю часовай заглушкі. Але вырашаць, ці быць Беларусі вольнай і незалежнай – нам. Не з яго спытаюцца потым. З нас.
Таму: трэба рыхтавацца браць адказнасць за краіну самім.