Актывістка БХД змагаецца супраць пераносу цэнтру сельсавету ў Віцебскім раёне (відэа)

15 студзеня 2019 08:52  |  Грамадства

Актывістка БХД змагаецца супраць пераносу цэнтру сельсавету ў Віцебскім раёне (відэа)

 

Алена Янушкоўская, актывістка аргкамітэта БХД, стала сапраўды народным дэпутатам у сваім, Заронаўскім сельсавеце. Што толькі кепскага здарыцца, тэлефануюць людзі ёй з Суйкава, Заронава, Тапорына, Баршчоўкі, Пракуды…

На провадзе Пестуніца:

– Алёнка, цётка Жэня з Пестуніц. Ты ведаеш, у нас сельсавет пераносяць ў Заронава? Там ужо нават памяшканне падрыхтавалі. А што й та ў нас тут будзе, а? Пошта два разы на тыдзень працуе па дзве гадзінкі, дык жа зачыняць! А фельчара таго і ўвогуле не ўбачым! А што й та рабіць!?

А як жа да таго сельсавета дабрацца будзе? Гэта ж 10 кіламетраў! А клуб? Так жа дзяўчынка нашая бібліятэкарка стараецца, хоць які канцэрт, ды і самі ж выступаем і дзеткі, а што зараз? А з вадой што будзе? Мы ўжо тут з суседзямі галосім. Зусім Пестуніца памрэ!… Дапамажы, Алена!

Алена тэлефануе ў Віцебскі райвыканкам. Сапраўды, кажуць там, рашэнне аб пераносе сельсавета ў Заронава было прынята яшчэ ў… 2013 годзе..

Для даведкі: адміністрацыйны будынак Заронаўскага сельсавета знаходзіўся ў вёсцы Пестуніца, калісьці вялікай і шматлюднай, як геаграфічным цэнтры сельсавета.

Доўгі час старшынёй была сумнавядомая Раіса Ярошкіна, пасля выбараў 2018 года – Таццяна Іжохіна, якая добра ведала ўсе сельсавецкія справы, бо працавала ў сельсавеце, але ўсяго цяжару абавязкаў старшыні не вытрымала і адмовілася ад пасады. Прызначылі былую загадчыцу дзіцячага садку ў Заронава (садок закрылі – аптымізацыя па-беларуску) Зою Пеку.

Спадарыня Пека жыве ў самім Заронаве. Праца – у Пестуніцах. І ўзгадалі пра тое забытае рашэнне Віцебскага райвыканкама – перанесці адміністрацыю сельсавета ў Заронава, бліжэй да дома.

А памяшканняў хапае, бо за апошнія гады ані садка, ані школы, ані калгаса, ані амбулаторыі. Застаўся клуб, пры якім музей і дзённы стацыянар для людзей сталага веку – па праграме і грантах Еўразвяза.

Ніхто і не падумаў правесці нейкія сходы, паслухаць людзей, супакоіць іх, адказаць на пытанні…

І нічога ўжо ў гэтым дзіўнага няма: з людзьмі за апошнія 25 гадоў нашыя ўлады раіцца не проста адвыклі, а нават не лічаць патрэбным. Сабе ім спакайней: а мы ведаем, як лепш, для сябе любімых. А хто што спытае? Зверху? Ха! Там даўно ўказы вышэй за закон!

Так і атрымліваецца: захацеў адзін вершнік на народнай шыі пляж блізу дома на Дзвіне – на табе. А што і месца няпляжнае, і змые яго першай віцебскай залевай, ды напляваць – не з сваёй жа кішэні!

Другі захацеў мэблю памяняць у службовым дамку – ды не пытанне: выбірай па густу. Не за свой жа кошт!

Трэцяму спадабаўся дамок на вуліцы Даватара? А да балды, што каштоўнасць, што там музей –  пераселім, пераробім, каб мне ўтульна было ды і зноўку з абласнога ж бюджэту!

Палац шлюбу захацеў ды на беразе ракі – ну-ка хуценька мне праект. Слуханні яшчэ трэба? Ой, наце вам! І няважна, што абгрунтаванне нейкіх там экалагічных справаздач па законах, якіх не існуе ўжо, што сродкі патрэбны для паліклінік, дарог… Ды абыйдзецца гэная чэрнь!

А тут нейкі сельсавет перанесці…

З пустога акна пазірае на дарогу чорны пестуніцкі кот і слаба мяўкае ў спадзяванні, што нехта яго пашкадуе, пакорміць ды абагрэе… Пачуе хто? А людзей?

Дзякуй Богу, што ёсць яшчэ Алена Янушкоўская, сябры-актывісты БХД, неабыякавыя людзі. Няхай няшмат, але ёсць! Менавіта яны прымушаюць чыноўнікаў памятаць, хто ў доме гаспадар!

Таццяна Севярынец

 

 

Відэа глядзець з 8:23

Болей навін