«Калі застанецца царква, школы ня будзе». У Сухараве абмеркавалі пляны зносу і забудовы. Было горача
16 студзеня ў менскай 6-й школе па вуліцы Янкоўскага, 23 прайшло грамадзкае абмеркаваньне пляну забудовы былой вёскі Сухарава. Размова атрымалася надзвычай эмацыйнай. Людзі выступілі супраць ушчыльненьня раёну і супраць зносу царквы «Новае жыцьцё». Чыноўнікі адказалі: «Пішыце пісьмовыя заўвагі».
Абмеркаваньне пачалося 14 студзеня і будзе доўжыцца да 7 лютага.
Галоўны архітэктар праекту: Тэрыторыя павінна забудоўвацца высакашчыльна
На сайце адміністрацыі Фрунзенскага раёну Менску яшчэ на пачатку студзеня апублікавалі дэталёвы плян забудовы гэтай тэрыторыі.
З праекту дэталёвага плянаваньня (ПДП) вынікае, што тэрыторыя падлягае ўшчыльненьню, тут пабудуць шмат жытла, інфраструктуру. Царкву «Новае жыцьцё» зьнясуць, а замест яе будзе новая школа на 1241 вучня і басэйн (аб’екты пад нумарамі 3 і 3.1).
У актавай залі школы выставілі 3 вялікія стэнды. Заля была перапоўненая, людзі стаялі ўздоўж сьцен. Каб задаць пытаньні, загадзя выстраілася чарга.
Распрацоўшчык — УП «Менскпраект». Галоўны архітэктар праекту Міхаіл Ключановіч прадставіў ПДП. Праект ахоплівае тэрыторыю плошчай 170 гектараў з насельніцтвам 12,5 тысячы чалавек. Архітэктар доўга пералічваў лічбы — нормы, нарматывы, шчыльнасьць, колькі патрэбна парковак, школ, дзіцячых садкоў, камунальных зон. Праз 10 хвілін народ ня вытрымаў і папрасіў казаць па сутнасьці — што канкрэтна зьнясуць і на якой падставе.
«Па законе мы маем права на любой тэрыторыі весьці горадабудаўнічую дзейнасьць. Тэрыторыя павінна забудоўвацца высакашчыльна», — заявіў спадар Ключановіч. Людзі абурыліся.
Віталь Рымашэўскі: «Чым вам перашкаджае царква?»
Жыхар раёну, сустаршыня аргкамітэту па стварэньні БХД Віталь Рымашэўскі запытаўся, навошта ўлады зноў прычапіліся да гэтай царквы.
«10 гадоў вы „наяжджаеце“ на царкву „Новае жыцьцё“. Навошта лічыць нас за ідыётаў? Вы ж ведаеце, навошта тут сабралася шмат народу, журналісты? Царкве не даюць новага памяшканьня. Чым вам перашкаджае царква? Спыніце правакацыі, інакш будуць выступленьні людзей.
Адкажыце мне, калі будуць ушчыльняць Дразды?» — задаў рытарычнае пытаньне Віталь Рымашэўскі.
Адміністратар царквы «Новае жыцьцё» Віталь Антончыкаў выступаў больш памяркоўна. Сказаў, што ён шматдзетны бацька, ён ня супраць дзіцячых садкоў і школ.
«Але навошта зносіць царкву? Заўсёды ўсе забудовы пачыналіся менавіта з царквы, гарады і вёскі пачыналі будавацца менавіта з царквы», — казаў Віталь Антончыкаў.
Архітэктар Міхаіл Ключановіч пачаў разважаць пра разьлікі дарожнай сеткі, нарматывы. Яго зноў абарвалі.
«Што да царквы, гэта 3 гектары будуць выкінутыя. Царква што — твор мастацтва?» — запытаўся Ключановіч.
Павал Севярынец прапанаваў чыноўнікам пісаць заявы аб адстаўцы
«Навошта высякаюць яблыневы сад?»; «Немагчыма выехаць з нашых двароў, хуткая дапамога ня можа праехаць, нельга ўшчыльняць»; «Двароў няма, дзе гуляць дзецям, дзе ім катацца на ровары?»; «Як можна было праектаваць і будаваць дамы на рацэ Мышцы, там жа вада трапляе ў падвалы?»; «Рака брудная, калі ідзе дождж — узрываюцца ліўнёўкі, тут смурод стаіць»; «Людзей проста выжываюць адсюль»; «Вы пагаршаеце ўмовы жыцьця людзей», — эмацыйна казалі выступоўцы.
Дзяніс Тушынскі з экалягічнай арганізацыі «Зялёны дазор» абурыўся, што трох чалавек, прапанаваных эколягамі, не ўключылі ў склад камісіі, і запытаўся, чаму няма экалягічнай экспэртызы. Архітэктар Ключановіч запэўніў, што экалягічная экспэртыза будзе пасьля зацьвярджэньня праекту.
Слова ўзяў Павал Севярынец і папрасіў прагаласаваць, хто супраць прэзэнтацыі. Падняўся лес рук. Аднак намесьніца старшыні адміністрацыі Фрунзенскага раёну Ірына Савіцкая заявіла, што тут ідзе прэзэнтацыя праекту і не заплянавала ніякіх галасаваньняў.
Павал Севярынец прапанаваў чыноўнікам пісаць заявы аб адстаўцы тут жа, на прэзэнтацыі.
Пэрыядычна абмеркаваньне перарывалася воклічамі «Ганьба!»
Людзі з прыватнага сэктару, якім на пачатку 2000-х гадоў дазволілі будаваць тут дамы, абураліся і эмацыйна распавядалі, як іх запэўнівалі чыноўнікі, што зносу ня будзе. «Ці ня сорамна вам?» — пыталіся жанчыны.
— Як мужчына з такой кампэтэнцыяй можа несьці такую лухту? — запыталася ў Ключановіча жанчына з прыватнага сэктару.
— Калі застанецца царква, школы ня будзе, — заявіў Ключановіч.
Шматдзетная маці, у якой васьмёра дзяцей, распавяла, колькі дабра робіць царква.
— Як жыць грамадзтву без царквы, бязь веры ў Бога? Дзе можна навучыць дзяцей дабру? — пытаецца яна.
— У сям’і, — адказаў ёй архітэктар.
«Каму патрэбна гэтая прэзэнтацыя, хто яе пакажа? Ці ёсьць тут хоць адзін дзяржаўны тэлеканал альбо дзяржаўная прэса? Не!» — казалі людзі.
Намесьніца кіраўніка адміністрацыі Фрунзенскага раёну рэзка абрывала выступоўцаў — маўляў, «не гаманіце, не абурайцеся, пішыце пісьмовыя заўвагі, прапановы».
— Якімі нарматыўна-прававымі актамі вы кіраваліся, ствараючы гэты праект? — пытаецца ў архітэктара праекту жыхар раёну.
— Генэральным плянам забудовы гораду Менску, які шырока абмяркоўваўся перад зацьвярджэньнем, — адказаў Ключановіч.
— З намі ніхто нічога не абмяркоўваў, — кажуць людзі.
— Гэта вашы цяжкасьці, — адказаў ім Ключановіч.
Мужчына назваў тры канкрэтныя дакумэнты, якімі павінен кіравацца архітэктар.
«Павінны быць 8 чарцяжоў і 3 дакумэнты. Дзе яны? Чаму тут толькі 3 стэнды?» — пытаецца мужчына.
«Калі праект будзе дапрацаваны, вы ўсё ўбачыце. Гэта перадпраектнае рашэньне», — адказаў намесьнік галоўнага архітэктара Фрунзенскага раёну Павал Тумас.
«Мне сорамна слухаць гэтую лухту. Вы, чыноўнікі, некампэтэнтныя. Вы ж атрымліваеце заробак з нашых падаткаў. Усё, што тут намалявана, — нежыцьцяздольна на гэтых глебах, вада стаіць у сутарэньнях ужо пабудаваных жылых дамоў уздоўж рэчкі. Паважаны галоўны архітэктар, вы нас за дурняў трымаеце? Школы няма не таму, што тут царква. Царква выкупіла кароўнік, прывяла ўсё ў парадак. Там чыста, прыгожа», — кажа жанчына.
Дэпутат гарсавету Міхаіл Рабцаў падтрымаў царкву
Людзей абарвала намесьніца старшыні адміністрацыі Ірына Савіцкая — маўляў, пытаньні паўтараюцца, і дала слова дэпутату гарсавета Міхаілу Рабцаву.
«Давайце спынім палітычныя заявы. Я сам вырас у сельскай мясцовасьці і ведаю, што ў кожнага ёсьць задума. Якая яна ў вас, я ня ведаю. Але пішыце свае заўвагі і прапановы. Давайце абмяркоўваць ПДП разам.
Што да царквы — гэта сьвятое. Царква павінна застацца, альбо ёй павінна быць выдзелена іншая тэрыторыя», — сказаў дэпутат. Прапанаваў зьвяртацца да яго, абмяркоўваць плян. І нават запрасіў скантактавацца зь ім ня ўключаных у камісію эколягаў.
Зноў паўстала пытаньне наконт царквы, але чыноўніца Ірына Савіцкая паспрабавала абарваць выступоўцаў.
«На правах старшыні камісіі я спыняю абмеркаваньне, пытаньні аднолькавыя», — заявіла яна. Людзі зноў абурыліся.
«Чаму нам прапануюць толькі адзін варыянт, а ня некалькі? Чаму нас сутыкаюць ілбамі: альбо царква, альбо школа?» — пытаецца прыхаджанін.
Архітэктар Ключановіч упікнуў яго: «А чаго вы не прасунуліся ні на крок, што да царквы, чаму вы не шукаеце памяшканьня, чаму не зьвяртаецеся да ўлады?»
Віталь Рымашэўскі заклікаў да паразуменьня. Прапанаваў чыноўнікам не маніпуляваць законамі.
«Прапаную не ўшчыльняць Менск, не адбіраць жытло і прыватную ўласнасьць, памяншаць павярховасьць раёнаў. Давайце створым ініцыятыўную групу і будзем адстойваць свае інтарэсы. Я запрашаю ўсіх, хто сёньня абураўся, выступаў на прэзэнтацыі, аб’яднацца», — заклікаў Рымашэўскі.
Пасьля гарачага абмеркаваньня людзі доўга не разыходзіліся, абменьваліся кантактамі, запісваліся ў ініцыятыўную групу.