Віталь Рымашэўскі: людзі, якія жывуць у палацах, пазбаўляюць бедных грамадзян магчымасці выказаць сваё меркаванне

28.01.2019, 17:43  |  Галоўныя навіны, Палітыка

Віталь Рымашэўскі: людзі, якія жывуць у палацах, пазбаўляюць бедных грамадзян магчымасці выказаць сваё меркаванне

 

Сустаршыня Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Віталь Рымашэўскі пракаментаваў рашэнне Саўміну, якім быў уведзены прайс-ліст на правядзенне масавых акцый у Беларусі.

Кажа Віталь Рымашэўскі:

«Прынятыя беларускімі ўладамі паборы за правядзенне масавых мерапрыемстваў з'яўляюцца абуральным антыканстытуцыйным актам. Па сутнасці, гэтай пастановай уводзіцца забарона на правядзенне мірных санкцыянаваных масавых сходаў, бо большасць грамадзян Беларусі пазбаўляецца гэтага права. Магчыма, улады думалі, што такім чынам процідзейнічаюць апазіцыі, але рэальнае прыняцце гэтага закона азначае, што простыя грамадзяне Беларусі не могуць праводзіць акцыі пратэсту ці проста масавыя акцыі, хай нават у падтрымку дзейнай улады. Уводзіцца жорсткая сегрэгацыя па ўзроўні даходу. А ў той час, як самыя вострыя, самыя набалелыя акцыі пратэсту якраз звязаныя са збядненнем народа, з паборамі, якімі абкладаюць чыноўнікі самых абяздоленых грамадзян дэкрэтам аб дармаедстве альбо павышэннем платы за камунальныя паслугі. Такімі дзеяннямі ўлады проста падрыхтоўваюць глебу для сацыяльных выбухаў. Мірныя акцыі пратэсту якраз патрэбныя для таго, каб людзі маглі данесці свае патрабаванні да ўлады. Ва ўсім цывілізаваным свеце так прынята. Але беларускія ўлады ўслед за цывілізаваным светам не ідуць. Гэта чарговая пастанова проста неадэкватная, ідыёцкая. Нагадаю, што Беларусь з'яўляецца адзінай еўрапейскай краінай, у якой няма пагаднення аб супрацоўніцтве з Еўрапейскім саюзам. Беларусь сёння - ізгой цывілізаванага свету. Ізгой таму, што бясконца выдаюцца падобнага роду ўказы і законы. Людзі, якія абакралі і падзялілі ўсю краіну, якія жывуць у палацах, якія маюць мільённыя прыбыткі, пазбаўляюць бедных грамадзян нават магчымасці выказаць сваё меркаванне. Рана ці позна такія неадэкватныя дзеянні ўлады заўсёды заканчваецца трагедыяй як для народа, так і для саміх дыктатараў».

Навіны па тэме